паінфармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., каго.
Паведаміць каму‑н. якія‑н. звесткі, давесці да ведама. [У сталоўцы] можна было за пяць капеек з’есці талерку баршчу і адпаведную порцыю кашы. Аб усім гэтым паінфармаваў Лабановіча паслужлівы Стась. Колас.
паіранізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., з каго-чаго і без дап.
Іранізаваць некаторы час. «Што гэта я такі — як дзяўчына?! — падумаў незадаволена. — Глядзі, каб не заплакаў!» — паіранізаваў [Зыбін]. Мележ.
паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.
1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).
2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.
•••
Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.