Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашамаце́ць, ‑шамачу, ‑шамаціш, ‑шамаціць; зак., чым.

Шамацець некаторы час. Незнаёмы паварушыўся, пашамацеў саломаю. Мележ. Косцік патрымаў адзін карабок у руцэ, пашамацеў запалкамі і паклаў назад. Ваданосаў.

паша́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Шамкаць некаторы час.

паша́на, ‑ы, ж.

Павага, якая аказваецца каму‑н. грамадствам, людзьмі. У тоне Сцепкавага адказу была мяккасць і пашана да стрэлачніка, што таму вельмі спадабалася. Колас. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган.

•••

(Не) у пашане (быць) — (не) карыстацца павагай.

пашанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.

Праявіць некаторую асцярожнасць, аднесціся да сябе клапатліва. — Ты глядзі ў мяне, Валодзечка, — вяла яго Людміла за руку ў хату. — Я цябе лячыла, лячыла, ратавала, а ты цяпер вунь што робіш. Трэба табе яшчэ пашанавацца. Арабей.

пашанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Аднесціся клапатліва да каго‑, чаго‑н. Пашанаваць сваё здароўе. Пашанаваць аўтарытэт.

2. Аднесціся з пашанай, павагай да каго‑, чаго‑н. Шануй людзей, то і цябе пашануюць. Прыказка.

пашанцава́ць, ‑шанцуе; безас. зак., каму і без дап.

Пра спрыяльны для каго‑н. збег акалічнасцей, пра ўдачу ў чым‑н. Сердзюку пашанцавала ўдвайне. Аднаго парушальніка ён падмяў жыўцом і, седзячы на ім верхам, дагнаў з аўтамата другога. Брыль. І вось я на месцы. На гэты раз мне пашанцавала: я дабраўся днём. Ракітны. Пашанцавала нам тут неяк за адзін дзень упаляваць трох лісіц. Машара.

пашапта́цца, ‑шапчуся, ‑шэпчашся, ‑шэпчацца; зак.

Пагаварыць шэптам. Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталіся паміж сабой, і абедзве падышлі да стала. Чарнышэвіч.

пашапта́ць, ‑шапчу, ‑шэпчаш, ‑шэпча; зак.

1. што і без дап. Сказаць што‑н. шэптам, прашаптаць; пагаварыць некаторы час шэптам. Пашаптаць на вуха. □ [Паўлік] паклікаў Мікешку ўбок і нешта пашаптаў яму. Беразняк.

2. Уст. Сказаць замову. [Бабка:] — А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас.

пашарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пашараваць.

пашарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Шаруючы, пачысціць, памыць. — Дайце вам плечы пашарую, — запрапанаваў свае паслугі Мікола Гнак. Колас. Дзед зняў з паліцы медны гаршчок, пашараваў да бляску анучай. Бядуля.

2. і без дап. Шараваць некаторы час.