Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахава́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пахаваць ​1.

пахава́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пахаваць ​2.

пахава́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Схавацца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Навакол было пуста і ціха, нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты. Шамякін. Пахаваліся званочкі Пад зялёныя лісточкі. Шушкевіч.

пахава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Схаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Пахавайце вуды, стрэлы, лукі, Прыступіце, дзеці, да навукі. Колас. Хлопцы адразу пахавалі якаркі па кішэнях. Шчарбатаў.

пахава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закапаць нябожчыка ў зямлю. Толькі позна ноччу жанчыны сілком адабралі ў .. [Ірыны] дзіця, абмылі яго, прыбралі, палажылі на стол. Раніцай, спяшаючыся, пахавалі на могілках. Лынькоў. // Страціць каго‑н. у выніку смерці. [Ганна] пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў свет... Гартны. // Палічыць каго‑н. памёршым, загінуўшым. Жарты — вярнуўся сын, якога яны шаснаццаць год назад пахавалі і аплакалі... Васілевіч. // Засыпаўшы, абваліўшыся, пазбавіць магчымасці выйсці адкуль‑н. [Самалёты] скінулі бомбы на жылыя кварталы і пад абломкамі пахавалі шмат людзей. Гурскі.

2. перан. Забыць што‑н., адмовіцца ад якой‑н. думкі, ідэі і пад. [Саханюк:] — Слухайце, калега; зойдзем на мінутку да мяне! [Лабановіч:] — Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён — фальшывы. Колас. Толькі я вянкоў на хвалях штосьці не прыкмеціў. Мусіць, хвалі пахавалі звычаі старыя. Вялюгін.

пахада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да хадайнічаць.

пахаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Хадзіць туды і назад, звычайна не спяшаючыся. [Буслы] то збіраліся.. ў цэлыя чароды і доўга павольна пахаджалі, або стаялі нерухома, нібы трымаючы нейкую нараду, то падымаліся высока ў неба і доўга-доўга кружыліся. Колас. З сяўнёю сявец пахаджае, На скібіны валіцца зерне. Купала.

паха́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і пахаджаць. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджваў па пакоі і думаў. Колас. Толькі цяпер я заўважыў, што сярод статка важна пахаджвае на сваіх высокіх нагах даўганосы гаспадар балот. Паслядовіч.

пахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

Хадзіць некаторы час. Леў Раманавіч зноў пайшоў на двор, без усялякай справы пахадзіў па ім, потым сеў на ссечаную калоду. Асіпенка.

пахалада́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. пахаладаць.

пахалада́ць, ‑ае; безас. зак.

Зрабіцца халадней (пра надвор’е). Адразу пацямнела і пахаладала. Хомчанка.

пахаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць халодным, халаднейшым. Прыкметна пахаладзела паветра, Гарачун ахвотна падстаўляў твар пад яго струмені. Васілёнак.

2. перан. Анямець (ад жаху, страху і пад.). Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і на табе — твар у твар! Мележ. Аксінні Хвядосаўне стала страшна, яна ажно пахаладзела ўся: якога чалавека яна трымала побач з сваёй адзінай дачкой. Шамякін. / у безас. ужыв. Косця адчуў, як пахаладзела ў грудзях. Адамчык. У мяне аж пахаладзела ўсярэдзіне: няўжо дзядзька Пракоп дайшоў да такога? Сабаленка.