Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памажне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Зрабіцца мажным, мажнейшым. Шэйдак яшчэ пашырэў у плячах, памажнеў. Сабаленка. Зоя ішла з Дома культуры. На вострых скулах яе твару ўжо можна было заўважыць карычневыя плямінкі. Зоя памажнела, галаву трымала горда. Даніленка.

пама́занне, ‑я, н.

Хрысціянскі царкоўны абрад, які заключаецца ў крыжападобным мазанні мірам, ялеем у знак благаславення (пры хрышчэнні, перад смерцю, пры каранацыі цароў і інш.).

пама́заннік, ‑а, м.

Манарх, над якім учынілі абрад памазання на царства.

пама́занніца, ‑ы, ж.

Жан. да памазаннік.

пама́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад памазаць.

пама́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.

1. Памазаць сябе чым‑н. тлустым або вадкім; нацерціся. Памазацца крэмам.

2. Падвергнуцца абраду памазання пры каранацыі.

пама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак.

1. што. Пакрыць слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. — Трэба будзе абцасы падбіць, ды дзёгцем памагаць.., — гаворыць.. [бацька] да і перадае боты ў яе рукі. Галавач. [Разэля:] — А можа падсмажанага сыру хочаш ці памажаш аладку маслам? Гурскі.

2. каго. Учыніць над кім‑н. абрад памазання.

пама́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да памазацца (у 2 знач.).

2. Зал. да памазваць.

пама́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. і без дап. Мазаць злёгку або час ад часу.

2. Незак. да памазаць (у 2 знач.).

памазгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.

Разм. Падумаць над чым‑н.; падумаць некаторы час. [Максім:] — Гы, Рыгор, заўтра дамоў ідзі, збірай гасцей, а мы тут памазгуем, што і да чаго, а паслязаўтра прыязджай. Асіпенка. Тут, вядома, ёсць пра што памазгаваць. Задача няпростая. С. Александровіч. [Мікульскі:] — Памазгуем, можа, што і прыдумаем. Марціновіч.