Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палаві́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Разм. Дзяліць папалам.

палаві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш.-ласк. да палавіна (у 1 знач.).

2. Рухомая, прымацаваная частка якога‑н. прадмета. Дзверы, што вялі ў сярэдзіну клубнага памяшкання, былі прыадчынены, і на адной з карычневых палавінак матляўся.. вялізны замок. Нядзведскі.

палаві́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складае палавіну чаго‑н.; няпоўны. Палавінная цана.

2. Гіст. Заснаваны на аддачы палавіны ўраджаю ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Палавінная арэнда.

палаві́нчатасць, ‑і, ж.

Уласцівасць палавінчатага (у 2 знач.). Станіслаў дакараў сябе за нейкую нерашучасць, палавінчатасць характару, асабліва ў інтымных справах. Сабаленка.

палаві́нчаты, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які складаецца з дзвюх розных частак, палавін.

2. перан. Пазбаўлены паслядоўнасці; кампрамісны. Палавінчатыя меры. Палавінчаты характар буржуазнай рэвалюцыі.

палаві́ншчык, ‑а, м.

Разм.

1. Той, хто мае палавіну паю ў якой‑н. справе або валодае якой‑н. маёмасцю ўдваіх з кім‑н.

2. Гіст. Селянін, які арандуе зямлю напалавіну.

палаві́ншчына, ‑ы, ж.

Гіст. Від зямельнай арэнды, пры якой палавіна сабранага ўраджаю аддаецца ўласніку зямлі за карыстанне ёю.

палаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Лавіраваць некаторы час.

палаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.

1. Злавіць усіх, многіх або ўсё, многае. Сабраліся хлопцы, зрабілі ў лесе аблаву і палавілі.. [зладзеяў]. Якімовіч. Таня глядзіць на матылёў, і ёй хочацца саскочыць з воза і палавіць іх у жменю. Пташнікаў.

2. і чаго, а таксама без дап. Лавіць некаторы час. Пілаваць сёння дровы.. [Юрку] не вельмі хацелася. Лепш бы з хлопцамі на возера пайсці, рыбы палавіць. Курто.

палавічо́к, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да палавік.