пагаджа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для ўрэгулявання, пагаднення (у 1 знач.). Пагаджальная камісія.
пагаджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да пагадзіцца.
пагаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пагадзіць (у 1 знач.).
пагадзі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца, разлічваецца па гадзінах. Пагадзінная аплата. Пагадзінная праца.
пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.
1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.
2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.
3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.
4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.
5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.
пагадзі́ць, ‑гаджу, ‑годзіш, ‑годзіць; зак., каго-што.
1. Прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. Пагадзіць супярэчнасці.
2. Памірыць, прымірыць. [Саўка:] Эх, бяда з гэтымі старымі.. Не тое, дык тое... Ніяк іх пагадзіць няможна. Чарот.
пагадне́нне, ‑я, н.
1. Дагавор, які абумоўлівае абавязацельствы ў чым‑н. Міжнародныя пагадненні. Гандлёвае пагадненне. Пагадненне аб перамір’і. □ Нарэшце, пагадненне было падпісана. Самуйлёнак.
2. Прымірэнне, згода. Шукаць пагаднення. □ ...Такія перапалкі канчаюцца ўзаемным пагадненнем звычайна вечарам. Васілевіч.
•••
Джэнтльменскае пагадненне — міжнародны дагавор, заключаны звычайна без афіцыйных фармальнасцей, у вуснай форме.
пагадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., каго-што.
Тое, што і пагадзіць. Ніяк не мог я пагадніць акружаючае рэальнае жыццё са светам думак, фантазій, якія пачэрпнуў з кніг. Купала. Відаць, прывёў .. [Апанаса] сюды Арцём, каб пагадніць, для міру. Пестрак.
пагадня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да пагадніцца.
пагадня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пагадніць.