Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наўзвала́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і наўзвалакаць.

наўздага́д, прысл.

Разм. Наўгад, як выйдзе. З гасцінца [разведчыкі] паехалі ўніз, у даліну, больш вобмацкам ды наўздагад, бо не відаць было нават конскіх вушэй. Брыль. Стралялі .. [гітлераўцы] наўздагад, і снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі са скрыгатам лягло на высеку і каля насыпу. Мележ.

наўздаго́н, прысл. і прыназ.

1. прысл. Услед за тым, хто (што) аддаляецца, адыходзіць. Апошні вагон вухнуў ветрам у твар Андрэю і ўцёк наўздагон. Пестрак. Бяжыш ты насустрач кулям з страшэнным бязгучным крыкам І тупат пяхотных дывізій спяшыць за табой наўздагон. Панчанка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздагон» вырашае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто‑, што‑н. пасылаецца. Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. — Куды ж ты? — кідае наўздагон яму Мікола. Васілёнак. Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў .. [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі. Шамякін.

наўздаго́нкі, прысл.

Разм. Даганяючы, пераганяючы каго‑, што‑н. Дзеці на вуліцы насіліся наўздагонкі, скакалі, спявалі. Сінілаў.

наўздзі́ў, прысл. і прыназ.

1. прысл. На дзіва; надзвычайна. Трава.. [на лузе] была балотная, наўздзіў рослая, густая. Сачанка. Раніца настала наўздзіў спакойная і прыгожая. Дуброўскі. Адзенне на ўсіх [людзях] было наўздзіў абшарпанае, заношанае. Лынькоў.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздзіў» выражае аб’ектныя адносіны: на дзіва каму‑, чаму‑н. Бацька.. зусім нечакана, наўздзіў суседзям захапіўся вудамі. Брыль.

наўздо́ўж, прысл.

Разм. Тое, што і уздоўж. Палосы гэтыя не толькі дзеляцца наўздоўж, яны і ўпоперак падзелены. Брыль.

на́ўзніч, прысл.

Разм. На спіну, на спіне тварам угору. Ляжаць наўзніч. □ Прыглушаныя вокрыкі, як і стогн ад’ютанта, Паддубны выразна пачуў.., калі з.. сілай паляцеў наўзніч. М. Ткачоў. Хадора наступіла на.. [абору] і наўзніч грымнулася на блішчастую паркетную падлогу. Сабаленка.

наўзры́д, прысл.

У выразе: плакаць наўзрыд гл. плакаць.

наўко́л, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Над галавою — нізкае хмарнае неба, а наўкол лугі з высокімі прысадзістымі стагамі і цішыня. Грахоўскі. [Картыжоў:] — Ды тут наўкол ва ўсіх дзесяці вёсках не знойдзеш такой пілы, каб парэзаць.. [дуб]. Чыгрынаў.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Наўкол моста чысты, як далонь, луг: не падбярэшся, каб не заўважылі. Шуцько. Сашчэплена кола наўкол Маіх лепшых надзей. Панчанка.

наўко́ла, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Цікаўныя вочы хлопца дапытліва пазіраюць наўкола. Васілёнак.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Гунава ўстаў, прайшоў наўкола стала і падкінуў наском бота бутэльку. Самуйлёнак. Тым часам наўкола фурманкі ўсё прыбываў гурт. Калюга.