натамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да натаміць.
натанцава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑чуецца; зак.
Разм. Патанцаваць многа, уволю.
натапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., чаго.
Растапіць або вытапіць у якой‑н. колькасці. Натапіць воску. Натапіць збан масла.
натапта́ны і нато́птаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад натаптаць.
натапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак.
1. Набрудзіць мокрымі нагамі, наслядзіць. Натаптаць на падлозе.
2. што і чаго. Прытоптваючы або ўціскаючы, шчыльна злажыць, улажыць што‑н. Напакавалі мы.. [канюшынаю] стары сяннік. У палукашак туга натапталі сена. Так што [каню] на дзён тры, а то і чатыры хопіць. Якімовіч. У люльку Нупрэй зноў натаптаў тытуню. Зноў пыхкаў дымам. Гроднеў.
натапы́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натапырыць.
2. у знач. прым. Які стаіць тарчма, прыўзняты ўверх; настаўлены. Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтарапіўся вачыма ў госця. Галавач. Іду зводдаль імшарыны і пільна прыглядваюся да ўсялякай купінкі, да кожнага натапыранага лісця. Сачанка.
3. перан.; у знач. прым. Надзьмуты, незадаволены; раззлаваны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.
натапы́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. натапырваць — натапырыць.
натапы́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да натапырыцца.
2. Зал. да натапырваць.
натапы́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да натапырыць.
натапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца тарчма, наставіцца (пра поўсць, шчацінне, пер’е і пад.). Аўчарка загыр[к]ала, поўсць на хібе натапырылася, заварушылася. Шахавец. Агнёў маўчаў.. Густыя бровы яшчэ больш натапырыліся, вусны моцна сціснуліся, а вочы патухлі. Асіпенка. // Падняць тарчма на сабе поўсць, пер’е і пад., рыхтуючыся да абароны ці нападу. Дзеці кінуліся за ім, паспрабавалі маніць яго.. [з-пад століка], але кацянё натапырылася, зафыркала і выйсці не жадала. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Уздуцца, прыўзняцца. Плашч натапырыўся. □ На грудзях прасціна натапырылася — там былі.. рукі [мужа]. Васілёнак.
3. перан. Надзьмуцца, прыняць ваяўнічы выгляд; ускіпець, раззлавацца. [Ходас:] — Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца? — А што? — адразу натапырыўся Славік. Шамякін. Старога як апяклі яго словы. Ён натапырыўся, пеўнем падскочыў да танкіста. Беразняк.