Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нае́зніцтва, ‑а, н.

1. Занятак наезніка (у 1 знач.); верхавая язда.

2. Прафесія наезніка ў цырку або на скачках.

3. Уст. Наезды невялікіх атрадаў кавалерыі або асобных коннікаў на непрыяцеля.

нае́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які прыехаў, паехаў адкуль‑н. Наезны люд.

нае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. наеў; ‑ела; заг. наеш; зак.

Разм.

1. чаго і без дап. З’есці што‑н. у нейкай колькасці. Наесці ў рэстаране на пяць рублёў.

2. што і чаго. Атрымаць, нажыць у выніку сытнай яды. [Самусевіч:] — Ну, добра, я дакажу, што Самусевіч можа працаваць, і не абы-як... — Хто цябе ведае, — знарок ўпікалі яго. — Сала на жываце наеў, а ў галаве скразнякі загулялі... Броўка.

нае́сціся, ‑емся, ‑ясіся, ‑есца; ‑ядзімся, ‑ясцеся, ‑ядуцца; пр. наеўся, ‑елася; заг. наешся; зак.

Пад’есці, перастаць быць галодным. Трэзар наеўся, лёг на лаве каля мяне і спакойна заснуў. Бядуля. Узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі. Якімовіч.

нае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Едучы, наткнуцца на каго‑, што‑н. Наехаць на камень. □ Танк зароў, наехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Лужанін. // Едучы, сустрэць каго‑н. Чубара аклікнулі адразу, як ён наехаў на пост. Чыгрынаў.

2. Прыехаць у вялікай колькасці. Гасцей наехала поўная хата. □ Партызаны ўзялі шмат трафеяў і зніклі ў невядомым напрамку, а ў Вяшэйку наехала шмат карнікаў. Курто.

3. Прыехаць знянацку, раптам. Ужо змяркалася, а дзядзькі Цімоха не было.. Я вельмі баяўся, хаця каб ён не наехаў, пакуль мы паглядзім [склеп]. Баранавых.

4. перан. Разм. Ссунуцца са свайго месца, засланіўшы сабой што‑н. Шапка наехала на вочы. □ На роўным высокім ілбе.. [Шаманскага] збягаліся маршчынкі, бровы выгнуліся дугой, а густыя чорныя, прычэсаныя ўгору валасы наехалі на лоб. Дуброўскі.