наехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Едучы, наткнуцца на каго‑, што‑н. Наехаць на камень. ▪ Танк зароў, наехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Лужанін. // Едучы, сустрэць каго‑н. Чубара аклікнулі адразу, як ён наехаў на пост. Чыгрынаў.

2. Прыехаць у вялікай колькасці. Гасцей наехала поўная хата. ▪ Партызаны ўзялі шмат трафеяў і зніклі ў невядомым напрамку, а ў Вяшэйку наехала шмат карнікаў. Курто.

3. Прыехаць знянацку, раптам. Ужо змяркалася, а дзядзькі Цімоха не было.. Я вельмі баяўся, хаця каб ён не наехаў, пакуль мы паглядзім [склеп]. Баранавых.

4. перан. Разм. Ссунуцца са свайго месца, засланіўшы сабой што‑н. Шапка наехала на вочы. ▪ На роўным высокім ілбе.. [Шаманскага] збягаліся маршчынкі, бровы выгнуліся дугой, а густыя чорныя, прычэсаныя ўгору валасы наехалі на лоб. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)