Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Ціснучыся, праціскаючыся, дабрацца да каго‑н., да якога‑н. месца. Толькі [Гарбуз] даціснуўся да .. [дзвярэй], пацягнуў за клямку, як зараз нехта закрычаў: — Куды не ў чаргу прэшся. Чарот.

даці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

Скончыць ціснуць, выціска́ць. Даціснуць лімон.

да́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Даніі, датчан, належыць ім. Дацкая літаратура.

да́цца, дамся, дасіся, дасца; дадзімся, дасцеся, дадуцца; пр. даўся, ‑лася, ‑лося; заг. дайся; зак.

1. Дазволіць зрабіць з сабой што‑н. Дацца абстрыгчы. □ Хвядзько хацеў абняць і пацалаваць Параску, але яна не далася, уцякла ў хлеў. Лобан.

2. Разм. Ударыцца, стукнуцца. Увечары стала вядома: нічога страшнага ў Міхалючка не было, але ён моцна даўся аб цвёрдую зямлю, і па плячы пайшла пухліна. Чорны.

3. Разм. Дастацца. У цяжкай працы даўся хлеб, У бойках нас сустрэла слава. Хведаровіч. // Паддацца засваенню. Літары даліся хлопцу няцяжка. Брыль.

4. Разм. Стаць прадметам асаблівай увагі, інтарэсу. — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. А тыя хоць пагаварыць цікава могуць. Шыцік.

•••

Дацца ў знакі — надакучыўшы, даняць, надоўга запомніцца.

Дацца ў памяць — надоўга запомніцца, засесці ў памяці.

Дзіву дацца — моцна здзівіцца чаму‑н.

Не дацца ў крыўду каму — сумець пастаяць за сябе, абараніць сябе.

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і з інф.

1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле. Якімовіч. // Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць. // Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.

2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак. // Паведаміць, перадаць. Даць адрас. // Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.

3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед. Якімовіч. // Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне. // Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш. Адамчык. // Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару? Колас. // Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток! Колас. // Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць. Корбан. // Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.

5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля. // Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны.

6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.

7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць). // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл. Чорны.

9. заг. дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.

10. заг. дай, у знач. пабудж. часціны. Разм. Выражае ўласную рашучасць што‑н. зрабіць. Дай, думаю, зайду да суседа.

•••

Без дай прычыны — беспадстаўна.

Бог дасць; як бог дасць гл. бог.

Бог розуму не даў гл. бог.

Бог шчасця не даў гл. бог.

Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.

Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.

Даць бярозавай кашы каму — пакараць, набіць розгамі.

Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).

Даць волю каму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.

Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.

Даць выхад чаму — даць магчымасць праявіцца.

Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.

Даць (уступіць) дарогу каму — забяспечыць свабоду дзеяння.

Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.

Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама. Корбан; б) тое, што і даць дзёру.

Даць дуба — памерці.

Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.

Даць (задаць) дыхту каму — насварыцца, расправіцца.

Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся. Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.

Даць жаху каму — моцна напалохаць каго‑н.

Даць жыццё каму — нарадзіць, пусціць на свет.

Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.

Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.

Даць знаць — паведаміць.

Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.

Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.

Даць (задаць) лазню каму — даць наганяй, строгую вымову.

Даць лазы каму — пакараць, набіць лазовым дубцом.

Даць лупцоўку (бубна) каму — адлупцаваць.

Даць маху — дапусціць памылку.

Даць пачатак чаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.

Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.

Даць (задаць) перцу каму — насварыцца, даць наганяй.

Даць (задаць) пытлю каму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.

Даць раду(ы) каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць. Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца. Чорны.

Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю. Рунец.

Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.

Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.

Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.

Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.

Даць ход — пусціць у дзела.

Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.

Даць цягу — уцячы.

Даць (задаць) чосу каму — прабраць каго‑н. за што‑н.

Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.

Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.

(Не) даць дыхнуць каму — прымусіць працаваць бесперапынна.

Не даць спуску каму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.

Не даць у крыўду каго — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу каму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.

Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце. Ермаловіч.

дацэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшай навучальнай установы (ніжэйшая за прафесара і вышэйшая за асістэнта). // Асоба, якая мае гэта званне і займае гэту пасаду.

[Ад лац. docens, docentis — той, хто вучыць, абучае.]

дацэнтрабе́жны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Накіраваны да цэнтра ў час руху па крывой; проціл. адцэнтрабежны. Дацэнтрабежная сіла.

дацэнту́ра, ‑ы, ж.

1. Званне, пасада дацэнта. Атрымаць дацэнтуру.

2. зб. Разм. Дацэнты.

дацэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дацэнта, належыць яму. Дацэнцкая пасада.

дацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Скончыць цягаць што‑н. куды‑н.; перацягаць усё. Дацягаць сена ў хлеў.

2. Канчаткова знасіць, падраць (абутак, адзенне). Дацягаць паліто.