Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даўбе́нне, ‑я, н.

Апрацоўка матэрыялаў (драўніны, металаў) зняццем стружкі пры дапамозе долата, разца.

даўбе́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Цяжкае палена з вычасаным дзяржаннем для забівання, расколвання чаго‑н. і пад.; невялікая доўбня. Даўбешка, што калоў Саўка Чужахвал дома дровы, была пашчапаная. Чорны. Найбольш дужыя хлопцы драўлянымі даўбешкамі забівалі палі. Рунец.

2. Лаянк. Пра тупога, някемлівага чалавека. Даўбешка часам пост займае І марыць, што яна — свяціла, карыфей! Валасевіч.

даўбёжны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для даўбення. Даўбёжны станок.

даўбёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Пасудзіна, лодка і пад., зробленая з суцэльнага куска драўніны. Пераехаць раку на даўбёнцы.

даўбня́,

гл. доўбня.

даўга... (гл. доўга...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «доўга...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: даўганогі, даўганосы.

даўгава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Некалькі даўжэйшы за звычайны. Пакой, дзе жыў Алесь, быў такі ж, як і ў хлопцаў, — звычайны пакой інтэрната: з адным акном, вузкі і даўгаваты. Шыцік. // Прадаўгаваты. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і не маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.

даўгаве́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць даўгавечнага.

даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».

даўгаву́сы, ‑ая, ‑ае.

З доўгімі вусамі. Ля ракі, за квяцістаю пожняй, Даўгавусы ячмень прытуліўся. Журба. За дзяжурным столікам дз[ю]баў носам той самы гладкі з твару і даўгавусы, як кот, вахцёр. Адамчык.