Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дакто́рка і до́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жанчына-ўрач. [Дачка нарадавольца] была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Колас. Вінцусь ураз пазнаў у жанчыне доктарку, што лечыць яго Зоську. Арабей.

дасу́ха і до́суха, прысл.

Да поўнай сухасці. Выцерці дасуха.

до 1, нескл., н.

Першы гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. do.]

до 2, прысл.

Разм. Досыць, дастаткова. — Ат, які толк з дзявочай навукі, — апраўдваўся каторы раз ляснік перад сябрамі.. — Распісацца ўмее, і до. Сачанка.

до́берман-пі́нчэр, ‑а, м.

Парода службовых сабак з клінападобнай галавой і кароткай, густой, бліскучай поўсцю, а таксама сабака гэтай пароды.

[Ад уласн. імя.]

до́блесны, ‑ая, ‑ае.

Высок. Які славіцца подзвігамі; адважны, мужны, геройскі. Доблесная армія. □ Навекі слава доблесным салдатам, Што пераможна йшлі за свой народ. Панчанка. // Поўны доблесці. Доблесны подзвіг. // Самаадданы, накіраваны на дасягненне якой‑н. высокай мэты. Доблесная праца.

до́блесць, ‑і, ж.

Высок. Адвага, мужнасць, геройства. Воінская доблесць. // Бязмежнай самаадданасць у дасягненні якой‑н. высокай мэты. Працоўная доблесць.

до́бра,

1. Прысл. да добры (у 4, 7 і 9 знач.); проціл. дрэнна. Значыць, скончылі добра ўборку, Плённай працы сабралі дары. Броўка. Сталі .. [муж з жонкай] жыць добра і шчасліва. Якімовіч.

2. прысл. Ладна-такі, парадкам; зусім. Ужо добра сцямнела на дварэ, калі людзі пачалі разыходзіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо ўзнялося вышэй за гарадскія дахі і добра грэла. Самуйлёнак. / з часціцай «такі». Уночы зямля добра-такі падшэрхла, і машыны не сыходзілі з поля. Пальчэўскі. Стары ўжо ён, наш бацька, добра-такі стары. Шэсць дзесяткаў з ладным гакам мае. Васілёнак.

3. безас. у знач. вык. Пра спрыяльную абстаноўку, прыемнае акружэнне. Добра ў лузе ў час палудны! Лёгка там дыхнуць. Колас. У гасцях добра, а дома лепш. Прыказка. // каму. Пра адчуванне прыемнасці, унутранага задавальнення ад чаго‑н. І добра нам — маўчаць і пазіраць На родны край вачамі маладымі! Панчанка.

4. безас. у знач. вык., са злучн. «што», «калі». Шчасце, якраз дарэчы. Добра, што не згубіў [Шура] складанчык — ёсць чым заняць рукі. Навуменка. Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

5. у знач. сцвярджальнай часціцы. Абазначае: ладна, згодзен, хай будзе так. — Давай правядзі мяне да перавозу. — Добра, якраз я сам меўся тудэю ісці. Гартны. — Добра, цётка Куліна, буду заходзіць. Паўлаў.

6. у знач. часціцы (звычайна ў спалуч. з часціцай «ж»). Ужываецца ў значэнні пагрозы, папярэджання: глядзі, пачакай. Добра ж! Я табе прыпомню!

7. у знач. наз. до́бра, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць параўнальна высокі ўзровень ведаў. Атрымаць добра на экзамене.

•••

Добра кажаш гл. казаць ​1.

добра... (а таксама дабра...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «добры», напрыклад: добраахвотны, добразычлівы, добрасардэчны.

добраахво́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць добраахвотнага, уласная воля як асноўны стымул да дзеяння. Аб’яднанне на прынцыпах добраахвотнасці.

добраахво́тнік, ‑а, м.

Той, хто па ўласнаму жаданню, добраахвотна ўступае ў армію ў час вайны. Тысячы добраахвотнікаў з многіх краін свету рушылі на дапамогу рэспубліканцам. Паслядовіч. Мінулай зімой, калі пачаліся фінскія падзеі, Павел разам з некаторымі таварышамі наважыўся паехаць добраахвотнікам на фронт. Шахавец. // Той, хто добраахвотна бярэ на сябе якую‑н. работу, абавязкі. У першым пакоі, куды ўвайшла цётка Эмілія, працавала шэсць маладых энтузіястаў-добраахвотнікаў. Маўр.