Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дор, ‑у, м., зб.

Абл. Драніца. Жанчына падумала, што на адны нявестчыны заробкі можна будзе за год які памяняць падгнілае ніжняе бярвенне ў хаце, перабраць дор на страсе. Чыгрынаў.

до́ра, ‑ы, ж.

Пласкадонная рыбалоўная лодка з шырокай кармой, пашыраная на Поўначы.

до́рага, прысл.

1. Прысл. да дарагі (у 1 і 3 знач.). Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна. Колас. — Колькі? — спытаў Сімон. — Сто жоўценькіх, — коратка адказаў Гунава. — Дорага! — яшчэ карацей сказаў Сімон. Самуйлёнак. Хто калі перажываў расстанне з роднымі мясцінамі, той ведае, як радасна і дорага ўбачыць іх зноў. Навуменка.

2. перан. Цаной вялікіх намаганняў, цяжкасцей, ахвяр. Хачу я, каб .. [нашчадкі] не забывалі, Што нам свабода дасталася дорага. Свірка. [Фон Адлер] спыніў атакі — надта дорага яны каштавалі. Шамякін.

•••

Дорага б даў (заплаціў) гл. даць.

Дорага заплаціць гл. заплаціць.

до́раны і даро́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Атрыманы ў якасці падарунка; падораны.