дакто́рка і до́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Жанчына-ўрач. [Дачка нарадавольца] была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Колас. Вінцусь ураз пазнаў у жанчыне доктарку, што лечыць яго Зоську. Арабей.
док, ‑а, м.
Збудаванне для рамонту суднаў. Плывучы док.
[Англ. dock.]
до́ка, ‑і, м.
Абл. Умелец, знаток якой‑н. справы. Сцёпка Ляўшун у гэтых справах быў самы дока ва ўсім сяле. Колас.
до́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дока. Докавыя збудаванні. // Які робіцца ў доках. Докавы рамонт.
до́каз, ‑у, м.
1. Довад або факт, які з’яўляецца падставай для сцверджання чаго‑н.; сведчанне чаго‑н. Людзі кінуцца ў лес, а гэта і будзе доказам іх партызанскай прыналежнасць. Шчарбатаў. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта.. не маецца. Чарот.
2. Сістэма вывадаў, якая служыць для устанаўлення новага палажэння на падставе іншых, раней вядомых. Складанасць.. [тэарэмы] была ў тым, што, каб даказаць яе, трэба было ведаць заадно доказ і яшчэ адной тэарэмы. Краўчанка.
•••
Рэчавы доказ — прадмет, які мае дачыненне да злачынства і спрыяе яго раскрыццю.
до́казнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць доказнага. Доказнасць тэарэмы.
до́казны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа быць даказан. Доказнае палажэнне.
2. Які з’яўляецца добрым доказам, пацвярджае што‑н.; пераканаўчы, грунтоўны. Доказная аргументацыя. Доказнае пярэчанне.
до́кер, ‑а, м.
Партовы рабочы ў некаторых краінах. Забастоўка докераў.
[Англ. docker.]
до́ктар, ‑а; мн. дактары́ (з ліч. 2, 3, 4 до́ктары), ‑о́ў; м.
Разм. Урач, лекар. Ёсць бальніца, у бальніцы — І доктар, і фельчар, Хто прыходзіць ці прывозяць — Хворых лечаць, лечаць. Купала.
•••
Доктар навук якіх — самая высокая вучоная ступень у СССР; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Доктар філалагічных навук.
[Ад лац. doctor — настаўнік, выкладчык.]
до́ктараў, ‑ава.
Які належыць доктару. Доктарава кватэра. □ Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць. Шамякін.