Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзве,

гл. два.

дзве́рцы, ‑аў; адз. няма.

1. Памянш. да дзверы; невялікія дзверы. Настаўнік.. рашуча адкінуў клямку на дзверцах веспічак. Колас. [Рыгор і Сцяпан Раманавіч] ішлі па ярка асветленым калідоры, з двух бакоў якога былі дзверы і дзверцы. Арабей.

2. Створка, створкі, якімі закрываюць якую‑н. адтуліну. Пячныя дзверцы. Дзверцы топкі. □ [Ціхан] кінуў руль, адчыніў дзверцы і выскачыў з машыны, не паспеўшы заглушыць матор. Дуброўскі. У пячурцы трашчыць, палаючы, яловая лучына. Іскры прабіваюцца праз шчыліны у дзверцах, вылятаюць на хату. Галавач.

дзве́ры, дзвярэй, Т дзвярамі і дзвярмі; адз. няма.

Праём у сцяне памяшкання для ўваходу і выхаду, а таксама створ, якім закрываюць гэты праём. Прарэзаць дзверы. Знадворныя дзверы. Начапіць дзверы на завесы. Зачыніць дзверы. □ Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. Пніцкі стаяў ужо па самым выхадзе, у дзвярах. Чорны.

•••

Глухія дзверы — дзверы, зробленыя для формы, а не для карыстання.

Царскія дзверы — сярэднія дзверы ў царкоўным іканастасе.

Дзверы адчынены перад кім, для каго — мае свабодны доступ куды‑н.

Дзверы зачынены перад кім, для каго — не мае доступу куды‑н.

Дзверы не зачыняюцца (не стыкаюцца) — пра бесперапыннае хаджэнне то ў хату, то з хаты.

Дзверы ў дзверы — адзін насупраць другога (жыць, размяшчацца і пад.).

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.

Паказаць на дзверы каму гл. паказаць.

Пры зачыненых дзвярах — у прысутнасці толькі зацікаўленых службовых асоб.

Стукацца ў дзверы гл. стукацца.

дзверына́, ‑ы, ж.

Абл. Створка дзвярэй. Марыля ля зямлянкі завіхаецца. Прыцягнула дзверыну, ладзіць. Савіцкі. [Яська] доўга абмацваў дзверыну, пакуль знайшоў на ёй клямку. Лось.

дзве́сце, двухсот, двумстам, двумастамі, (аб) двухстах, ліч. кольк.

Лік і лічба 200. Дзвесце дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 200. Дзвесце чалавек. □ На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Колас. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

дзвы́нканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзвынкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Дзвынканне шклянкі. Дзвынканне пчол.

дзвы́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць высокія звінючыя гукі (пра шкло, метал, насякомых і пад.). Жаласна дзвынкала шкло. Лынькоў. Калі кулі дзвынкалі зусім блізка, .. [Пятро] кідаўся ўбок, крыху мяняў напрамак, каб збіць кулямётчыка з прыцэльнай стральбы. Новікаў.

дзвы́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да дзвынкаць.

дзвярны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да дзвярэй. Дзвярны замок. Дзвярная ручка.

дзе, прысл.

1. пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед. Лынькоў. Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў? Астапенка. // У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. — Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп. Шыцік.

2. месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць. Брыль. — Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе! Бядуля. [Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле. Бялевіч. // (звычайна з часціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Якімовіч.

3. неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач. Шахавец.

4. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны. Чорны. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас. Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь. Грамовіч. / Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка. Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі. Колас. Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі. Колас. Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека. Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні. Брыль. Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца. Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка. Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў. Купала. — Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю. Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам. Прымаўка.

5. у знач. часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Лынькоў. // (у спалучэнні з прыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч. — Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў... М. Ткачоў. Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Чарнышэвіч.

•••

Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (з адмоўем пры дзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!

Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.

Дзе наша не прападала гл. прападаць.

Дзе папала гл. папасці.

Дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. ногі.