Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзе, прысл.

1. пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед. Лынькоў. Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў? Астапенка. // У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. — Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп. Шыцік.

2. месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць. Брыль. — Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе! Бядуля. [Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле. Бялевіч. // (звычайна з часціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Якімовіч.

3. неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач. Шахавец.

4. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны. Чорны. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас. Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь. Грамовіч. / Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка. Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі. Колас. Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі. Колас. Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека. Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні. Брыль. Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца. Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка. Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў. Купала. — Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю. Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам. Прымаўка.

5. у знач. часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Лынькоў. // (у спалучэнні з прыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч. — Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў... М. Ткачоў. Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Чарнышэвіч.

•••

Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (з адмоўем пры дзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!

Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.

Дзе наша не прападала гл. прападаць.

Дзе папала гл. папасці.

Дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. ногі.

дзе́ванька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Нар.-паэт. Ласк. да дзяўчына.

дзе́вачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ласк. да дзяўчына. Пятрова ночка невялічка, ды не выспалася дзевачка. З нар.

дзе́вер, ‑а, м.

Мужаў брат. На Супронавых дачок ніхто ніколі дрэннага не скажа, хай сабе гэта будзе свякроў, свёкар, дзевер, залоўка ці ятроўка. Ермаловіч.

дзевяно́ста, нескл., ліч. кольк.

Лік і лічба 90. Дзевяноста дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 90. Дзевяноста капеек. □ Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў.

дзевяно́сты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да дзевяноста. Дзевяносты нумар. Дзевяностыя гады (ад 90 да 99 года кожнага стагоддзя).

дзевя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Лічба 9. Напісаць прыгожа дзевятку. // Разм. Назва розных прадметаў (круга ў мішэні, тралейбуса маршруту № 9 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 9. Трапіць у дзевятку. Прыехаць дзевяткай.

2. Разм. Група з дзевяці чалавек або з дзевяці аднародных прадметаў. Строем, важка, як на парадзе, дзевяткамі плылі самалёты. Алешка.

3. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі. — Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Колас.

дзевятна́ццаты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да дзевятнаццаць. Дзевятнаццатага верасня.

дзевятна́ццаць, ‑і, ліч. кольк.

Лік і лічба 19. Дзевятнаццаць памножыць на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 19. Дзевятнаццаць рублёў. □ Маладому [чалавеку] было год дзевятнаццаць. Чорны.

дзевя́тнік, ‑а, м.

Уст. Хрысціянскае свята, якое адзначаецца ў чацвер дзевятага тыдня пасля вялікадня.