Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзе́даўскі і дзядо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзеда ​1 (у 1, 2 знач.). Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Брыль. Першы раз .. пакідаю з прымусу Кут дзядоўскі, што казкамі здаўна пранік. Тарас.

2. Атрыманы ў спадчыну ад продкаў, уласцівы продкам; старадаўні; устарэлы. Дзедаўскі спосаб апрацоўкі зямлі. Дзедаўская тэхніка. Дзедаўскія звычкі.

дзябёласць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзябёлага. Ва ўсёй постаці .. [Шаройкі], нягледзячы на гады, была нейкая асаблівая дзябёласць. Шамякін.

дзябёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дужага целаскладу; поўны. Ростам Петрык не вызначаўся, але затое быў ён хлопчык дзябёлы, круглы з твару. Якімовіч. [Міхась] глядзеў на шырокія плечы, на дзябёлую, налітую сілай постаць майстра. Сіўцоў. Параска Клімаўна і да таго ніколі дзябёлаю не была, то тут, то там у яе калола. Кандрусевіч.

2. Тоўсты, грубы, трывалы. Вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Колас. Адны [лыжкі] былі дзябёлыя, важкія, арэхавыя ці грушавыя, другія — лёгкія, асінавыя, пафарбаваных. Якімовіч. // Тоўсты, шчыльны (пра тканіну). Дзябёлае сукно.

дзява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

1. (толькі інф. і цяпер.). Незак. да дзецца.

2. зак. (толькі пр.). Тое, што і дзецца. Усё ж найбольшы страх перажыў плытагон, які з таго часу невядома куды дзяваўся з прыстані. Казалі, што ён у момант ссівеў. Карамазаў.

дзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дзець.

дзяво́цкі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дзявочы. Дзявоцкія гады. Дзявоцкія уборы. □ Праз цябе, дзявоцкая краса, Слёзы коцяцца, як буйная раса. Багдановіч.

дзяво́цтва, ‑а, н.

Перыяд жыцця дарослая дзяўчыны да шлюбу; дзявочыя гады. А вакол стала дзеўкі маладыя, таварышкі, з якімі адгуляла дзявоцтва сваё Сцепаніда, мятуць вянок, спяваючы, адпяваюць яе дзявоцтва. Галавач. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясковымі світаннямі. Лынькоў.

дзяво́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзявочага; свежасць, цнатлівасць. Ад погляду майго Лідка трохі бянтэжыцца. І гэта першая адзнака дзявочасці яшчэ больш красіць яе. Брыль.

дзяво́чнік, ‑у, м.

Уст. Развітальная вечарынка з сяброўкамі ў доме нявесты напярэдадні вяселля.

дзяво́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзяўчыны; які належыць дзяўчыне, дзяўчатам, уласцівы ім. Дзявочыя гады. Дзявочая сукенка. Дзявочы голас. Дзявочы інтэрнат. Дзявочая прыгажосць.