Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзі́рка і дзю́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адтуліна, шчыліна, праём у чым‑н. Пракруціць дзірку. □ Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Лынькоў. У хляве — гуляй у жмуркі, Толькі свецяць трохі дзюркі. Крапіва. // Разадранае, праношанае месца ў адзенні, абутку. Стары Мікіта зняў сваю кепку, — такую пакамечаную і з дзіркамі, нібы яе пажавала карова, — і прывітаўся. Брыль.

2. Разм. Пра глухое, далёкае ад культурных цэнтраў месца, населены пункт. Як і ўяўляў Туго Глівіц, мястэчка аказалася звычайнай захалуснай дзіркай. Навуменка.

3. перан. Пра тое, што патрабуе выдаткаў; пільная патрэба. Ну, скажам, на дрывах я падзараблю, але ж і дзірак шмат на гэтыя грошы. Чарнышэвіч.

•••

Ад усіх дзірак затычка гл. затычка.

Дзірка ад абаранка — нічога, пустое месца.

Дзірка на дзірцы — увесь у дзірках, зусім падраны; многа дзірак на чым‑н.

Заткнуць дзірку гл. заткнуць.

(Патрэбен) як у мосце дзірка — пра што‑н. зусім непатрэбнае.

дзю́ба, ‑ы, ж.

1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.

2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.

•••

З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.

дзюбану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і дзюбнуць.

дзюба́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дзюбаты. Дгюбастая птушка кінулася ў куст. Чорны. На паліцах, Паміж усяго — Ножык з дзюбастым бліскучым лязом. Броўка.

дзюба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай дзюбай. Дзюбаты бусел. □ Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. На іх Арол красуецца дзюбаты. Колас.

2. Падобны на дзюбу. Прыйшоў бухгалтар у акулярах, з чорнымі вусікамі пад крыху дзюбатым носам. Пестрак.

дзю́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм.

1. Кляваць, дзяўбаць (пра птушак).

2. Удараць, кляваць чым‑н. вострым. [Разносчык газет] дзюбае жалезнай палкай па тратуары і крычыць: — Купляйце! Купляйце газету! Сабаленка. // Ударацца аб што‑н., пакідаючы след. Аганёк паўзе па мосце, А услед бяжыць Дзіега. Ён не чуе, як навокал Кулі дзюбаюць жалеза. Панчанка.

•••

Дзюбаць носам — тое, што і кляваць носам (гл. кляваць).

дзюбе́к, ‑у, м.

Вышэйшы сорт македонскага тытуню.

дзю́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Памянш. да дзюба; тое, што і дзюба. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас. Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці. Барадулін.

2. Тонкі завостраны канец чаго‑н., вастрыё. Зламаць дзюбку ў нажы. □ Дзюбкі куль абведзены чырвона-чорнымі паяскамі фарбы. Навуменка.

дзю́бнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Стукнуцца, ударыцца (звычайна тварам). Стары дзюбнуўся тварам у зямлю і застыў. Ставер. [Дыверсант] паспеў саскочыць са слупа, нагнуўся, каб вызваліць ногі ад кошак, ды так і дзюбнуўся галавой у зямлю. Беразняк.

дзю́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да дзюбаць.

2. Разм. Выпіць віна, гарэлкі і пад. Наслухаўся, відаць, немец .. навін і з радасці, што хутка паедзе дамоў, дзюбнуў шнапсу. С. Александровіч.