Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

днець, днее; безас. незак.

Займацца на дзень; світаць, развіднівацца. Яшчэ не было ружовай паласы на ўсходзе, і нішто не паказвала, што хутка пачне днець. Шахавец. Па дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.

днём, прысл.

У дзённы час, удзень. Днём мы знаходзіліся ў вялікім дзедавым пакоі. Бядуля.

•••

Днём з агнём не знойдзеш гл. знайсці.

днёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. днёвак; ж.

Адпачынак днём (пры начных пераходах). На днёўку выбралі густы хмызнячок сярод поля — тут фашысты напэўна не стануць шукаць партызанаў. Новікаў. Усім загадалі захоўваць цішыню і не адыходзіць ад месца днёўкі. Мележ. // Дзённы адпачынак, сон (дзікіх жывёл, птушак). Зімой галодныя ваўкі за адну ноч праходзяць у пошуках здабычы некалькі дзесяткаў кіламетраў, але на днёўку вяртаюцца часта ў аблюбаваны імі пералесак. В. Вольскі.

дні́шча, ‑а, н.

Дно вялікай пасудзіны, пласкадоннага судна і пад. Вастраносы човен пры кожным удары вёслаў падскаквае і плюхае днішчам па, вадзе, разганяючы дробных рыбак. Шашкоў. Надзя сядзела на днішчы перакуленага вядра і чысціла бульбу. М. Ткачоў.

дно, дна, н.

1. Грунтавая паверхня пад вадой. Дно рэчкі. Дно мора. □ Дно возера пясчанае, чыстае, і ўсё відаць, як на далоні. Гамолка. // Ніжняя частка якога‑н. паглыблення на паверхні зямлі. Дно ямы. Дно рова. □ [Лубян] кожны раз з маўклівай радасцю сустракаў Карпа. Як роднага сына, браў на рукі Віцю, гушкаў яго. Потым яны садзіліся на дно акопа і моўчкі сядзелі. Шамякін.

2. (мн. дны, дноў). Ніжняя сценка або ніжняя частка якой‑н. пасудзіны, прадмета. Дно бутэлькі. Дно скрыні. Дно бочкі. □ На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Лодка] ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. перан.; чаго. Глыбінная частка чаго‑н. Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. Зарэцкі. [Ігнась], пакорпаўшыся дзесьці на дне памяці, парашыў, што ў сварцы вінна Люба, а не ён. Мурашка.

4. перан. Прыгнечаныя, абяздоленая частка капіталістычнага грамадства. Не кляніце мяне, Што так смутна пяю, Бо і так там на дне Душу змучыў сваю. Купала.

•••

Без дна — вельмі глыбокі (пра вадаём).

Да дна — поўнасцю, да канца (зведаць, скарыстаць што‑н.).

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Ісці на дно гл. ісці.

На дне — нямнога, трошкі (засталося, пакінута і пад.).

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

дноачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ачысткі дна (у 1 знач.). Дноачышчальныя работы.

днопаглы́бны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для паглыблення дна (у 1 знач.). Днопаглыбная машына.

дну́шка, ‑а, н.

Дошчачка, на якой крышаць мяса, агародніну і пад.

днява́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Выконваць абавязкі днявальнага. Дняваліць у казарме.

днява́льны, ‑ага, м.

Радавы салдат, які назначаецца на суткі для нагляду за парадкам у сваім падраздзяленні. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя па канюшні. Мележ. Салдаты лажыліся спаць, днявальныя ў казармах выключалі радыё. Хомчанка.