дно, дна, н.

1. Грунтавая паверхня пад вадой. Дно рэчкі. Дно мора. ▪ Дно возера пясчанае, чыстае, і ўсё відаць, як на далоні. Гамолка. // Ніжняя частка якога‑н. паглыблення на паверхні зямлі. Дно ямы. Дно рова. ▪ [Лубян] кожны раз з маўклівай радасцю сустракаў Карпа. Як роднага сына, браў на рукі Віцю, гушкаў яго. Потым яны садзіліся на дно акопа і моўчкі сядзелі. Шамякін.

2. (мн. дны, дноў). Ніжняя сценка або ніжняя частка якой‑н. пасудзіны, прадмета. Дно бутэлькі. Дно скрыні. Дно бочкі. ▪ На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Лодка] ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. перан.; чаго. Глыбінная частка чаго‑н. Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. Зарэцкі. [Ігнась], пакорпаўшыся дзесьці на дне памяці, парашыў, што ў сварцы вінна Люба, а не ён. Мурашка.

4. перан. Прыгнечаныя, абяздоленая частка капіталістычнага грамадства. Не кляніце мяне, Што так смутна пяю, Бо і так там на дне Душу змучыў сваю. Купала.

•••

Без дна — вельмі глыбокі (пра вадаём).

Да дна — поўнасцю, да канца (зведаць, скарыстаць што‑н.).

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Ісці на дно гл. ісці.

На дне — нямнога, трошкі (засталося, пакінута і пад.).

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)