Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

днява́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Выконваць абавязкі днявальнага. Дняваліць у казарме.

днява́льны, ‑ага, м.

Радавы салдат, які назначаецца на суткі для нагляду за парадкам у сваім падраздзяленні. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя па канюшні. Мележ. Салдаты лажыліся спаць, днявальныя ў казармах выключалі радыё. Хомчанка.

днява́ць, днюю, днюеш, днюе; незак.

Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.

•••

Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

дня́мі, прысл.

1. Некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён; на днях. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

2. З ранку да вечара; на працягу многіх дзён. Чытаць днямі. Днямі сядзець над разлікамі.