Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дасу́ха і до́суха, прысл.

Да поўнай сухасці. Выцерці дасуха.

до́света, прысл.

На світанні. Устаць дасвета.

до́світак, ‑тку, м.

Час перад світаннем. Поезд прыходзіў на досвітку, калі ледзь пачынала святлець палоска на ўсходзе. Шамякін. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Дзень праводзяць дзеці ў лесе — З досвітку і да змяркання. Аўрамчык.

до́світкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да досвітку, бывае досвіткам. Досвіткавы змрок. □ А пасля ішлі ўдваіх бязлюднымі вуліцамі, слухалі, нібы музыку, досвіткавую цішыню. Марціновіч.

до́світкам, прысл.

Перад світаннем. Уставаць досвіткам. □ Досвіткам, калі яшчэ нават не выганялі кароў, я ўжо стаяў з вудамі ля.. хаты. Ляўданскі. Досвіткам за садам падняўся белы густы туман. Галавач.

до́світны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да досвітку, бывае досвіткам. Досвітны туман. □ У Пуціўлі на сцяне галосіць Яраслаўна досвітнай парой. Вялюгін.

до́свіцце, ‑я, н.

Тое, што і досвітак. На досвіцці неба праяснілася. Нібы зубок часнаку, над піхтамі вісеў месячык. Лукша.

до́след, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вывучэнне з’яў аб’ектыўнага свету ва ўмовах, набліжаных да натуральных; эксперымент. Ставіць доследы. Доследы па хіміі. □ Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенню баброў у клетках і вальерах. В. Вольскі. Дзіміна падабрала літаратуру, параілася з кім след і.. правяла дослед на бракованых дэталях. Карпаў.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. даследаваць (у 1, 2 знач.); даследаванне. [Гарлавацкі:] Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе .. [Чарнавус] рабіў геалагічныя доследы. Крапіва.

до́следнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца доследамі, звычайна па вырошчванню якіх‑н. сельскагаспадарчых культур, вывядзенню новых сартоў і пад. Калгаснік-доследнік. Доследнік-мічурынец.

до́следніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да доследніка. Доследніцкая работа.