Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дана́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да данайцаў, належыць, уласцівы ім. Данайская культура.

дана́йцы, ‑аў; адз. данаец, ‑найца, м.

Назва аднаго са старажытных грэчаскіх плямён.

•••

Дар данайцаў гл. дар.

данасі́цца, ‑носіцца; зак.

Канчаткова, поўнасцю знасіцца. Боты ўжо данасіліся.

данасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; заг. данасі; зак., каго-што.

1. Скончыць насіць што‑н., перанесці поўнасцю з аднаго месца ў другое. Данасіць дровы ў хлеў.

2. Знасіць зусім, поўнасцю (адзенне, абутак і пад.). Данасіць чаравікі. // Скончыць насіць што‑н. паношанае. Данасіць братаў касцюм.

3. Нарадзіць не раней, як закончыцца нармальны тэрмін цяжарнасці. — Гэта цяжка раджаць?.. — Большай пакуты мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла. Чорны.

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.

дане́сціся, ‑нясецца; пр. данёсся, ‑неслася; зак.

Пашырыўшыся, наблізіўшыся, зрабіцца чутным (пра гукі, пахі і пад.). Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся.. шчэбет дзіцячых галасоў. Колас. Да Злобіча данеслася конскае тупанне, парыпванне драбінак — ехаў абоз. М. Ткачоў. // Зрабіцца вядомым (пра чуткі, весткі і пад.). Да людзей данеслася радасная вестка.

дані́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад данізаць.

даніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што.

Скончыць нанізванне чаго‑н. на што‑н. Данізаць каралі на нітку.

дані́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. данізваць — данізаць.

дані́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да данізаць.