Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дах, ‑у, м.

1. Верхняя частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад дажджу, ветру і пад. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Колас. На ўзгорку стаяў бела-ружовы двухпавярховы будынак з вясёлым чарапічным дахам. Васілевіч.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. Хлапец гадаваўся пры старой жанчыне, але меў свой дах над галавой. Самуйлёнак.

•••

Пад адным дахам — у адным доме, у адной кватэры з кім‑н.

[Ням. Dach.]

даха́, і́, ДМ дасе́; мн. до́хі (з ліч. 2, 3, 4 дахі́), дох; ж.

Шуба з футравымі верхам і падкладкай. [Верка Кахановіч] была апранутая ў новую яркага колеру даху, у шапачцы з таго самага футра. Карпюк.

да́хавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да даху. Дахавыя перакрыцці. // Якім крыюць дахі. Дахавае жалеза.

дахадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Разм. Ходзячы да каго‑н., куды‑н., давесці сябе да непрыемных вынікаў. — Чалавек ён палітычны, пад наглядам жыве. Ён тут водзіць хеўру, пакуль свайго даходзіцца. Галавач.

дахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; заг. дахадзі; зак.

1. Прахадзіць да канца які‑н. час. Дахадзіць у школу да канца навучальнага года.

2. Прахадзіць у якім‑н. адзенні, абутку пэўны час да канца. Дахадзіць зіму ў старых ботах.

даха́ты, прысл.

У свой дом, у сваю хату, да сваёй сям’і; дадому. Аднаго разу паехаў Кузьма з сынам па сена. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. Бывайце здаровы, Жывіце багата, Ужо ж мы паедзем Дадому, дахаты. Русак. // На радзіму, у родныя мясціны. Яны ў дарозе дахаты, едуць з Паволжа. Пестрак.

дахаўшчы́к, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст, які крые дахі. Грыміць пад крокамі жалезны дах. Калі адважны дахаўшчык праходзіць. Гаўрусёў.

дахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Грошы ці матэрыяльныя каштоўнасць якія атрымліваюцца дзяржавай, гандлёва-прамысловай установай, прыватнай асобай у выніку якой‑н. дзейнасці. Нацыянальны даход. Дзяржаўныя даходы. Даходы калгаса.

•••

Акладныя даходы — даходы, якія абкладаюцца падаткамі.

дахо́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дахадзіць.

дахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць.

Незак. да дайсці.

•••

Рукі не даходзяць гл. рука.