Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дагаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Закончыць габляваць што‑н. Дагабляваць дошкі.

2. Абгабляваць да пэўнай мяжы. Дагабляваць бэльку да сярэдзіны.

дагава́рвацца,

гл. дагаворвацца.

дагава́рваць,

гл. дагаворваць.

дагавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Прыйсці да згоды шляхам перагавораў; дамовіцца. Лабановіч канчаткова дагаварыўся з гаспадыняю, што будзе праз дзень прыходзіць сюды і займацца з Лідаю. Колас.

2. У размове ці разважаннях дайсці да якой‑н. крайнасці. Англійскі дэлегат, напрыклад, дагаварыўся да таго, што палічыў за прагрэс у калоніях павелічэнне колькасці аслаў. Філімонаў.

дагавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., што і без дап.

Скончыць гаварыць; сказаць усё, выказаць да канца. Пры словах «новая настаўніца» Тарас Іванавіч падскочыў, як па пружынах, не даў жонцы дагаварыць. Колас. Да Міхася зноў прыйшла Таня Загаварыць недагаворанае раніцай. Машара.

дагаво́р, ‑у, м.

Пісьмовае або вуснае пагадненне, умова аб узаемных абавязацельствах. Мірны дагавор. Гандлёвы дагавор. Дагавор аб узаемадапамозе. Заключыць дагавор.

•••

Калектыўны дагавор — пагадненне, заключанае паміж адміністрацыяй і прафсаюзнай арганізацыяй якога‑н. прадпрыемства.

дагаво́ранасць, ‑і, ж.

Пагадненне, дасягнутае шляхам перагавораў. Дзейнічаць на аснове дагаворанасці.

дагаво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дагаварыць.

дагаво́рвацца і дагава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да дагаварыцца.

дагаво́рваць і дагава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дагаварыць.