даабе́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Закончыць абедаць.
даабе́дзенны, ‑ая, ‑ае.
Які быў або з’явіўся да абеду, перад абедам. Даабедзенны час. Даабедзенная змена. Даабедзенная прадукцыя.
даабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і давыбраць. Даабраць члена праўлення. □ Па прапанове старшыні на.. пасяджэнні Стася Вілюевіча даабралі ў рэвізійную камісію, дзе не хапала адн[ой] кандыдатуры. Грамовіч.
даабсталёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да даабсталяваць.
даабсталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
Дапоўніць абсталяванне. Даабсталяваць цэх станкамі. Даабсталяваць лабараторыю.
даара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.
Разм.
1. Аручы, дасягнуць якога‑н. месца. Даарацца да дарогі. Даарацца да лужка.
2. Працуючы на ворыве, змарыцца, знясіліцца. Даараўся да таго, што ног не чуе.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца поўнасцю ўзараным. Хлеб запах суха і кісла — так, як і пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны.
даара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.
1. Закончыць ворыва; узараць увесь які‑н. участак. — Да чэрвеня яшчэ паспею даараць! — супакоіла.. [Зося] сябе і занялася другімі думкамі. Гартны. Папас і яшчэ два маладыя хлапцы хутка выехалі даараць кавалак жытнішча. Галавач. // Узараць да якога‑н. месца. Даараць да лесу. □ Дааралі [Пракоп з Мацвеем] да палка, павярнулі каня. Лобан.
2. Прапрацаваць на ворыве да якога‑н. часу. Даараць да самага вечара.
даарфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.
Закончыць арфаванне чаго‑н. Даарфаваць насенне.
даарфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да даарфаваць.
дааста́тку, прысл.
Разм. Да канца, поўнасцю. [Колас] бярэ «Калевалу» і чытае проста са старонкі, але па-беларуску: Не пяе пясняр вялікі Усіх песень даастатку — Куды лепей запыніць іх, Перарваць у палавіне... Лужанін.