даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і з інф.
1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. ▪ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле. Якімовіч. // Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць. // Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.
2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак. // Паведаміць, перадаць. Даць адрас. // Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.
3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. ▪ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед. Якімовіч. // Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне. // Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш. Адамчык. // Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару? Колас. // Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. ▪ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток! Колас. // Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.
4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць. Корбан. // Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.
5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. ▪ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля. // Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны.
6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.
7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. ▪ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка.
8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць). // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. ▪ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл. Чорны.
9. заг. дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.
10. заг. дай, у знач. пабудж. часціны. Разм. Выражае ўласную рашучасць што‑н. зрабіць. Дай, думаю, зайду да суседа.
•••
Без дай прычыны — беспадстаўна.
Бог дасць; як бог дасць гл. бог.
Бог розуму не даў гл. бог.
Бог шчасця не даў гл. бог.
Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.
Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.
Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.
Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.
Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.
Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.
Даць бярозавай кашы каму — пакараць, набіць розгамі.
Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).
Даць волю каму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.
Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.
Даць выхад чаму — даць магчымасць праявіцца.
Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.
Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.
Даць (уступіць) дарогу каму — забяспечыць свабоду дзеяння.
Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.
Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама. Корбан; б) тое, што і даць дзёру.
Даць дуба — памерці.
Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.
Даць (задаць) дыхту каму — насварыцца, расправіцца.
Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся. Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.
Даць жаху каму — моцна напалохаць каго‑н.
Даць жыццё каму — нарадзіць, пусціць на свет.
Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.
Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.
Даць знаць — паведаміць.
Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.
Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.
Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.
Даць (задаць) лазню каму — даць наганяй, строгую вымову.
Даць лазы каму — пакараць, набіць лазовым дубцом.
Даць лупцоўку (бубна) каму — адлупцаваць.
Даць маху — дапусціць памылку.
Даць пачатак чаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.
Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.
Даць (задаць) перцу каму — насварыцца, даць наганяй.
Даць (задаць) пытлю каму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.
Даць раду(ы) каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць. Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца. Чорны.
Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю. Рунец.
Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.
Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.
Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.
Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.
Даць ход — пусціць у дзела.
Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.
Даць цягу — уцячы.
Даць (задаць) чосу каму — прабраць каго‑н. за што‑н.
Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.
Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.
(Не) даць дыхнуць каму — прымусіць працаваць бесперапынна.
Не даць спуску каму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.
Не даць у крыўду каго — заступіцца, абараніць.
Не даць ходу каму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.
Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце. Ермаловіч.