паклёпнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Займацца паклёпам, распаўсюджваць пра каго‑н. заведама ілжывыя чуткі; нагаворваць на каго‑н. [Бацькі] раптам змянілі тактыку: перасталі лямантаваць і паклёпнічаць на сына. Машара.
паклі́каны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паклікаць.
паклі́каць, ‑клічу, ‑клічаш, ‑кліча.
Зак. да клікаць (у 1, 2 знач.).
пакло́н, ‑у, м.
1. Знак прывітання, павагі, удзячнасці і пад., які выяўляецца ў нахіленні галавы або верхняй часткі тулава. [Вераб’ёў] паклонам павітаўся з сялянамі. Дуброўскі. Пан Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх. Колас. Высокі [настаўнік] паваеннаму стукнуў абцасамі і сагнуў у паклоне спіну. С. Александровіч.
2. Шчырае, сардэчнае пажаданне шчасця, дабра ў пісьмовай або вуснай форме. Як родны бацька, любіў Сямён Ніну. Калі пасылаў з арміі паклоны сваім дзецям і пляменнікам, асабліва цікавіўся, як расце Ніна. Гроднеў.
•••
Адбіваць паклоны гл. адбіваць.
Адбіць паклон гл. адбіць.
Аддаць паклон гл. аддаць.
Біць паклоны гл. біць.
Зямны паклон — стаўшы на калені, пакланіцца.
пакло́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто пакланяецца каму‑н. як богу.
2. Той, хто з захапленнем, з павагай адносіцца да каго‑, чаго‑н. Паклоннік мастацтва. □ Выдатны рускі рэжысёр Усевалад Мейерхольд заўважыў неяк маладога паклонніка свайго таленту і запрасіў яго на работу ў тэатр. Рамановіч.
3. Той, хто праяўляе ў адносінах да дзяўчыны, жанчыны сваю сімпатыю. За букет кветак на развітанне мой дарожны паклоннік усё ж атрымаў мой адрас... Васілевіч.
паклы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пайсці павольна, стомленай хадою, хістаючыся, кульгаючы. Як бы там ні было, я, хоць і неахвотна, але ўзяў са стала .. гладышку, поўную да беражкоў малака, і, у чым стаяў, паволі паклыпаў разораю цераз поле на сцежку. Сачанка. Ступаючы на здаровую нагу і абапіраючыся па сукаватую палку, як на мыліцу, я павольна паклыпаў па паляне. Гамолка.
паклы́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паклычыць.
2. у знач. прым. Ускудлачаны, пакамечаны. Раіса Андрэеўна пяшчотна пацалавала Сярожу, расчасала на галоўцы белыя паклычаныя валасы. Гроднеў.
паклы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Ускудлаціць, пакамячыць. Паклычыць валасы. Паклычыць кудзелю.
па́кля, ‑і, ж.
Тое, што і пакулле. На хаду выціраючы пакляй рукі, Васіль усё прыскорвае крок. Васілёнак.