Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазапла́навы, ‑ая, ‑ае.

Які не прадугледжаны планам. Пазапланавае заданне.

пазаплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Запляваць усё, многае.

пазаплыва́ць 1, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Заплысці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаплываць далёка ў мора. □ Рыба не вельмі бралася. Відаць, яна пазаплывала ў ціну, каб перадрамаць у зацішку нядоўгую ноч. Сіняўскі.

пазаплыва́ць 2, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); чым і без дап. Заплысці, пакрыцца або напоўніцца чым‑н. — пра ўсё, многае. Дзе-нідзе кідаюцца ў вочы пакалечаныя асколкамі камлі. Раны пазаплывалі смалою і гояцца... Сачанка.

2. Разм. Распаўнець — пра ўсіх, многіх.

пазаплю́шчваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., што.

Заплюшчыць вочы — пра ўсіх, многіх.

пазаплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплятаючы, сплесці, заплесці ўсё, многае. Пазаплятаць косы. Пазаплятаць дзіркі ў плоце.

2. Аплятаючы, пакрыць чым‑н. усё, многае. Не верылася, што ў доме пуста, і што вецер там дзьме праз выбітыя вокны, і павукі пазапляталі павуціннем куткі. Чорны.

пазапрага́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Запрэгчы сябе ў што‑н. — пра ўсіх, многіх.

2. Запрэгчы сваіх коней, валоў і пад. — пра ўсіх, многіх. У Панка конь ужо быў запрэжаны — стаяў ля ганка — і на возе ляжалі хатулі.. Таня падумала, што людзі з начы яшчэ пазапрагаліся, а ім ніхто не сказаў... Пташнікаў.

пазапрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Запрэгчы ўсіх, многіх. Мужчыны хутка пазапрагалі коней. Дайліда.

пазапуска́цца, ‑аюцца; зак.

Перастаць даіцца — пра ўсіх, многіх. Каровы пазапускаліся.

пазапуха́ць, ‑ае; зак.

Запухнуць — пра многае. — [Шэршні] пакусалі так, што ў дзеда пазапухалі вочы, і ён ледзьве знайшоў дарогу дадому. Сачанка.

пазапы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Запырскаць усё, многае або ўсіх, многіх.