Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падаўжа́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падоўжыцца.

2. Зал. да падаўжаць.

падаўжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падоўжыць.

падаўжэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падаўжаць — падоўжыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. падаўжацца — падоўжыцца.

2. Колькасць, на якую павялічана што‑н. Невялікае падаўжэнне.

падаўжэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць даўжэйшым. Грудок, які спачатку выглядаў невялікім, цяпер нібы пашырэў і падаўжэў. Чарнышэвіч.

2. Стаць, зрабіцца больш працяглым. Вераснёўская ноч падаўжэла, хапае часу паспаць. Броўка. А вясна, відаць, вось-вось прыйдзе. Прыкметна падаўжэлі дні. Васілёнак.

падаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падаўляць.

падаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да падаўляць.

падаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падавіць (у 1 знач.).

пада́ўна, прысл.

Тое, што і пагатоў. У нас шмат трэба людзей, а на будоўлю і падаўна: не кожны зможа быць на зрубе з тапаром. Баранавых.

падахво́ціцца, ‑вочуся, ‑воцішся, ‑воціцца; зак., з інф. і без дап.

Разм. Добраахвотна ўзяць на сябе выкананне якой‑н. справы, працы і пад. Падахвоціцца схадзіць у магазін. □ Двое пяцікласнікаў падахвоціліся збіраць калекцыі жучкоў і насякомых. Краўчанка. Паказваць дарогу напрасткі цераз лес падахвоціўся Грыцук. Навуменка.

падахво́ціць, ‑вочу, ‑воціш, ‑воціць; зак., каго-што і з інф.

Выклікаць жаданне што‑н. зрабіць; разахвоціць. [Дзед Тарас:] — Падахвоціў я праўленне пабудаваць сховішча на садавіну. Паслядовіч. — Гаварыце, гаварыце, цётка Тэкля, — падахвоціў Малашкін. Пестрак.