Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. навесці (у 5, 7 і 9 знач.).

2. Спец. Наданне ствалу гарматы патрэбнага для стральбы кірунку. Прыцэльнага прыстасавання ў гармаце таксама не было, і паводка рабілася «на вока». Шахавец. З вуглавога дома ўдарылі прамой наводкай гарматы. Хомчанка.

наво́дліў, прысл.

Абл. Наводмаш. І, нагнаўшы Алеся ля склада, [пан Ліцвінскі] неяк наводліў ляснуў яму па шчацэ. Адамчык.

наво́дмаш, прысл.

Размахнуўшыся, з сілай, з размаху. Блішчынскі падняўся, ушчыльную падступіў да Юрыя і, пазіраючы некуды ў сцяну, наводмаш ударыў яго кулаком па твары. Навуменка. Рэвізор перакінуў білеты з рукі ў руку, патасаваў і неяк наводмаш шпурнуў іх у куток вагона пад самыя дзверы. Адамчык.

наво́днены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навадніць.

наво́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які прыведзены, прывезены аднекуль. Наводныя жывёлы. // Чужы, не свой; прышлы. Дзяўчат бліжэйшых вёсак за два гады я ўжо ведаў. Гэта [дзяўчына] была наводная. Васілевіч.

наво́дчык, ‑а, м.

1. Баец, які наводзіць гармату, кулямёт і пад. на цэль. Яны ўтраіх — капітан, камандзір гарматы і наводчык — сочаць за небам. Ракітны.

2. Рабочы, які займаецца наводкай чаго‑н. Наводчык мастоў.

3. Член зладзейскай шайкі, які наводзіць на месца, дзе можна красці.

наво́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да наводчык.

наво́дшыб, прысл.

Разм. Тое, што і наводшыбе (у 1 знач.). [Сцёпка] стаяў як бы крыху наводшыб ад таварышаў і пільна прыглядаўся да ўсяго. Колас. [Красуцкі:] — Стаіць [варывенька] ля самых варот, можна сказаць — як наводшыб ад сядзібы. Скрыган.

наво́дшыбе,

1. прысл. Убаку, на некаторай адлегласці. Адна хата стаяла наводшыбе. Жыць наводшыбе. □ Зусім наводшыбе стаіць адзінокая старая бяроза. Грамовіч. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). З завулка ехалі конна хлопцы і мужчыны. Белабароды Павал ехаў наперадзе, наводшыбе ад усіх — конь яго меў самы шырокі крок. Чорны. Касцёл стаяў за ракой, крыху наводшыбе ад мястэчка. Машара.

2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне ўбаку, на некаторай адлегласці ад каго‑, чаго‑н. Камунальны аддзел не ў будынку райвыканкома, а наводшыбе мястэчка, у доміку з зялёнымі аканіцамі. Навуменка. Алесь і Уладзік зайшлі на нямецкі хутар, што стаяў наводшыбе вялікай вёскі. Юрэвіч.

наво́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навазіць.