падгалі́цца, ‑галюся, ‑голішся, ‑галіцца; зак.
Падгаліць сабе бараду, вусы.
падгалі́ць, ‑галю, ‑голіш, ‑голіць; зак., што.
Пагаліць, згаліць з бакоў або па краях; падбрыць.
падгало́сак, ‑ска, м.
1. У спевах — голас больш высокага тону, які дапамагае асноўнаму. Песня пачынаецца запевам, потым уступае хор у суправаджэнні падгалоска. «Беларусь». // Той, хто падпявае галоўнаму спеваку.
2. перан. Разм. Беспрынцыповы чалавек, які паўтарае, падтрымлівае чужыя думкі.
падгало́ўе, ‑я, н.
Месца на ложку, куды кладуцца галавою. Гаспадыня выхапіла з падгалоўя ватоўку і падала мне. Сабаленка. // Узвышэнне, якое робяць для таго, каб пакласці галаву. [Сержант] акуратна палажыў чалавека на пасланы шынель, зрабіў падгалоўе. Лынькоў.
падгало́ўнік, ‑а, м.
Падстаўка для галавы ў ложку, на крэслах у цырульнях, зубаўрачэбных кабінетах і пад. Падняць падгалоўнік. □ Прапанаваў яму перасесці да акна, апусціць падгалоўнік авіяцыйнага крэсла і паспаць трохі. Сабаленка.
падгало́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў падгалоўі, пад галавой. Падгалоўная падстаўка.
падганя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. падганяць — падагнаць (у 3 знач.).
падганя́ты, ‑ага, м.
Уст. Той, хто падганяе каго‑н.; прыганяты. І млеюць рукі, ныюць косці, А падганяты ўсё крычыць. Колас.
падганя́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да падганяць.
падганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да падагнаць.