падсо́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які злёгку высах, стаў больш сухім. У пакоях свежа пахла падсохлай фарбай. Мележ. Дзьмуў свежы вецер, на падсохлым асфальце ўжо курыўся пыл. М. Стральцоў. // Які часткова засох. Каля плоту, што адгароджваў сад ад двара, стаяла падсохлая чарэшня. Лобан.
падсо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. падсох, ‑ла; зак.
Злёгку высахнуць, стаць больш сухім. Як толькі падсохла сырая зямля, Брыгада лён сеяць У поле пайшла. Танк. / у безас. ужыв. Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Колас. // Засохнуць часткова. Мы ў горадзе — пара сасонак, апавітых дымком пры мурах... Нам расці б... Ды над шапкай зялёнай верхавінка падсохла, як шпіль. Арочка.
падсо́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падсачыць 2.
падсо́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсачыць 1.
падсо́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падсачыць 2.
падсо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсачыць 2.
падсо́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падсочкі.
падсправазда́чнасць, ‑і, ж.
Абавязак даваць справаздачу перад кім‑н. Падсправаздачнасць кіруючых органаў.
падсправазда́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выдаецца з умовай наступнай справаздачы аб расходзе грошай.
2. Які абавязаны рабіць справаздачу перад кім‑н. Падсправаздачная асоба.
падспу́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Скрыты, патаемны. Падспудная трывога. □ [Алесь:] — І якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты, таго, што мы разумеем пад шчасцем? Падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі. Караткевіч.
падста́ва 1, ‑ы, ж.
Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.
•••
На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.
падста́ва 2, ‑ы, ж.
Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.