патро́шкі, прысл.
Тое, што і патрошку. [Віктар:] — Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем. Маўр. А ў руках — басаножкі: Незнарок іх зняла, Каб адчуць, як патрошкі Сцежка стыць пачала. Гілевіч.
патро́шку, прысл.
Тое, што і патроху. [Маці] сабрала ношку, Усяго патрошку. Ды ў ноч, у мяцель Нясе для дзяцей. Бічэль-Загнетава. Спачатку .. [Люся] гуляла з лялькамі, а потым пачала патрошку сумаваць. Брыль.
па́трубак, ‑бка, м.
Спец. Кароткая труба, якая служыць адводам ад асноўнага трубаправода, рэзервуара і пад. Сухія выхлапы сіняга дыму з патрубкаў матора, як стрэлы, абудзілі стаянку. Алешка.
патрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.
Трубіць некаторы час. Герой сядзіць у піжаме, ногі апушчаны ў таз. Ён робіць мацыён. Крыху пагаворыць, крыху патрубіць у свой трамбон. Сабалеўскі. Асокін дастаў з кішэні клятчатую насавую хустку і гучна патрубіў у яе сваім застуджаным носам. Паслядовіч.
патру́ль, ‑я, м.
Невялікі ўзброены атрад (войска ці міліцыі) або ваеннае судна, самалёт для нагляду за парадкам і бяспекай у пэўным раёне, месцы. — Аднойчы мне давялося быць з ім [Раманам] у сумесным патрулі па дружыне. Савіцкі. Узмоцнены патруль ахоўваў кожны метр на чыгунцы, кожны склад, абнесены да таго ж калючым дротам. Мікуліч. // Той, хто знаходзіцца ў такім атрадзе. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Баранавых.
патру́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патруля. Патрульная служба. Патрульны абход. // Які выконвае абавязкі патруля, знаходзіцца ў патрулі. Патрульны самалёт. Патрульны салдат. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. // у знач. наз. патру́льны, ‑ага, м. Пра чалавека. З жыта выйшаў патрульны: — Адкуль? — У мяне ён пытае, — З Мінска... Куляшоў. Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Мележ.
патрулява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. патруляваць.
патрулява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да патруляваць.
патрулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.
Ахоўваць што‑н., сачыць за парадкам, выконваць патрульную службу. Паліцаі ўсю ноч патрулявалі вёску, зазіралі ў вокны хат. Шамякін. Прывыклі [дзеці] да нізкіх закураных сцен, да вусатых дзядзькоў, якія днём і ноччу патрулявалі на вуліцы. Няхай.
патрусі́ць, ‑трушу, ‑трусіш, ‑трусіць; зак.
Разм.
1. што і чым. Патрэсці. [Франц:] — Добра жыву, Макс. А ты як? Госць махнуў рукой. — Гэта бачна па мне. Бачыш? — ён патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў. Шамякін.
2. што, чаго і чым. Трасучы, насыпаць чым‑н., пацерушыць; рассыпаць што‑н. Патрусіць пяском дарожку. Патрусіць саломы. □ — Прастудзішся, дзівачок мой! — І [Ніна] патрусіла недзе на голае яго плячо пякуча-халодным снегам. Адамчык.
3. Пабегчы, пайсці дробнымі крокамі. — Міласці просім, міласці просім, — прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца. Колас. На паляну выбегла чорная вёрткая куніца.. Зіркнула ў адзін бок, у другі і, нечым спалоханая, патрусіла да тоўстага дуба-волата, што стаяў трохі ўбаку, ля самых выгараў. Сачанка.