Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памо́ршчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты маршчынамі. Потам і слязьмі быў абліты .. [Лявонаў] паморшчаны твар. Чарот.

2. перан. Пакрыты рабізной (аб паверхні вады). І вада ў моры, і бераг.., і неба над цёмна-сіняй, паморшчанай марской роўняддзю здаліся чамусьці надта звычайнымі. Чыгрынаў.

3. перан. Змяты, памяты (пра адзенне).

памо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; зак.

1. Зморшчыць твар, зрабіць грымасу (нездавальнення, агіды, напружання і пад.). Інжынер прыўзняў галаву, паморшчыўся, быццам у яго ад крыку забалела галава. Асіпенка. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў.

2. Пакрыцца маршчынамі, складкамі. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.

памо́ршчыць, ‑шчу, ‑шыш, ‑шчыць; зак., што.

Наморшчыць, зморшчыць. Вайтовіч хвілінку памаўчаў, паморшчыў лоб і адказаў на просьбу: — Праз месяц які можна наведацца. Пальчэўскі.

памо́ры, ‑аў; адз. памор, ‑а, м.; паморка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. паморкі, ‑рак; ж.

Карэннае рускае насельніцтва памор’я — узбярэжжа Белага мора і Ледавітага акіяна. [Сушылаў] з архангельскіх памораў, але не рыбак, а паляўнічы. Шамякін.

памо́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Узвышэнне ў выглядзе пляцоўкі, насланай з дошак. Лектар стаяў на памосце, вакол яго т[о]ўпіліся густа сяляне. Чорны. Труна нябожчыка стаяла на высокім памосце, упрыгожаным яловымі лапкамі. Лынькоў. Музыкант сядзеў на невысокім памосце, быў немалады, апрануты ў паношаны шэры пінжак. Навуменка.

2. Тое, што і падлога. Кухня была прасторная і даволі светлая, з цагляным памостам. Колас. // Насціл з дошак наогул. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Пташнікаў. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. Раздзеўся Паўлік каля моста, сышоў з грэбелькі, ступіў на памост і хацеў падысці да халодных струменьчыкаў. Сташэўскі.

памо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы; Р мн. ‑мовак; ж.

Гаворка (ужываецца звычайна ў прымаўцы: Пра воўка памоўка, а воўк і тут).

памо́ўчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Устрымлівацца або ўхіляцца ад размоў, захоўваць маўчанне. — Вось забралі [сына] і павезлі ў турму. А дзе тая турма, і якая яна, адкуль мне ведаць. Вось і еду, шукаць буду. — Ты, бабка, шукай ды памоўчвай, а то і сама трапіш туды. Лынькоў.

памо́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад памачыць (у 1, 3 знач.).

памо́чнік, ‑а, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; памагаты (у 1 знач.). [Грыша] лепш за ўсіх займаўся ў аўтамабільным гуртку, першым навучыўся вадзіць машыну і быў добрым памочнікам Сцяпану Захаравічу ў дарозе. Жычка.

2. Службовая асоба, якая дапамагаў па службе іншаму, асноўнаму работніку і з’яўляецца яго намеснікам. У воласці я застаў пісара і яго памочніка. Колас. Павел адразу пазнаў у .. [хлопчыку] малодшага брата Івана Сянчэні — Сярожу, які вучыўся на памочніка машыніста. Шахавец.

3. Разм. Тое, што і памагаты (у 2 знач.). Кірыл стаў фашысцкія памочнікам, вылюдкам, як сама Амельяніха яго называла. Кавалёў.

памо́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да памочнік (у 1, 3 знач.).