Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пале́пшыцца, ‑шыцца; зак.

Стаць лепшым па якасці, уласцівасцях. Цяпер брыгадзіру хацелася толькі аднаго: каб хутчэй палепшылася надвор’е, каб хутчэй адышла непагадзь. Кавалёў. Якасць прадукцыі значна палепшылася. «Звязда».

пале́пшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Зрабіць лепшым па якасці, уласцівасцях. Палепшыць якасць прадукцыі. Палепшыць канструкцыю машыны. Палепшыць настрой. □ — Мы пераконваем вас ісці ў калгас таму, што няма іншага шляху ў селяніна, каб палепшыць сваё жыццё. Галавач. — Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.

пале́так, ‑тка, м.

Участак поля, які выкарыстоўваецца пад пасевы. Адразу ад лесу пачынаўся вялікі палетак, засеяны жытам. Шахавец. Перад вачыма паўстала чорная аблога леташніх кукурузных палеткаў. Савіцкі.

пале́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спец. Празрыстая пласцінка з сеткай квадратаў, пры дапамозе якой вызначаецца плошча ўчасткаў на планах і картах.

[Ад фр. palette — пласцінка.]

палетуце́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Аддацца марам на працягу нейкага часу.

па́лец, ‑льца, м.

1. Адна з пяці канцавых рухомых частак кісці рукі або ступні ў чалавека. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. // Частка пальчаткі, якая надзяваецца на палец рукі.

2. Канечны член на лапах жывёл і птушак.

3. Спец. Валік або стрыжань у машынах, які служыць звычайна для захвату іншых частак механізма. Поршневы палец. □ [Казіміру] трэба было знайсці старшыню калгаса і яшчэ раз напамянуць, каб заўтра не забылі паслаць каго-небудзь у РТС па «пальцы» да трактарных гусеніц. Краўчанка.

•••

Безыменны палец — чацвёрты палец рукі (паміж сярэднім і мезенцам).

Мезены палец — тое, што і мезенец (гл. мезенец).

Абвесці вакол (кругом) пальца гл. абвесці.

Ведаць як свае пяць пальцаў гл. ведаць.

Выссаць (высмактаць) з пальца гл. выссаць.

Глядзець праз пальцы гл. глядзець.

Ламаць пальцы гл. ламаць.

Паківаць пальцам гл. паківаць.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць гл. ударыць.

Пальцам не крануць гл. крануць.

Пальцам не паварушыць гл. паварушыць.

Пальцам (пальцамі) паказваць (тыкаць, тыцкаць) гл. паказваць.

Пальца ў рот не кладзі гл. класці.

Папасці (трапіць) пальцам у неба гл. папасці.

Пералічыць па пальцах гл. пералічыць.

пале́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад палячыць.

палёгка, ‑і, ДМ ‑гцы; Р мн. ‑гак; ж.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. палегчыць.

2. Пачуццё заспакаення, вызвалення ад трывогі, непакою і пад. Лемяшэвіч выцер хусцінкай лоб і ўздыхнуў, адчуўшы раптам такую палёгку — быццам камень з сэрца скаціўся. Шамякін.

3. Поўнае або частковае вызваленне ад выканання ўстаноўленых законам якіх‑н. абавязкаў. Яшчэ пазалетась [Глушак] падзяліў гаспадарку з Яўхімам.. Думаў — галоўнае — падаткі зрэжуць, палёгку нейкую дадуць. Мележ.

палёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.

2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.

3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.

•••

Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.

Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

палётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Тое, што і палятаць.