падво́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падвоіцца.
2. Зал. да падвойваць.
падво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падвоіць.
падво́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дзвюх аднолькавых, аднародных частак; двайны. Падвойнае дно. Падвойныя дзверы. □ Надзя сядзела ціха, глядзела на падвойныя вокны, на гронкі рабіны, акуратна пакладзеныя на вату паміж рамамі. Бураўкін. // Які паўтораны два разы. Падвойная штампоўка. □ Падаўжэнне зычных перадаецца падвойным напісаннем адпаведнай літары. Юргелевіч.
2. Разм. Тое, што і двайны (у 1 знач.). У такі мокры студзень, як гэта было цяпер,.. [пагрузка шпал] вымагала падвойнага напружання і спрыту. Пестрак. З падвойнай адданасцю, з сілай падвойнай За працу ўзяліся, за плуг шматляменны... Панчанка.
3. Разм. Тое, што і дваісты (у 2 знач.). Вёска пачала жыць падвойным жыццём: дзённым і начным... Шамякін.
падво́канне, ‑я, н.
Месца пад вокнамі знадворку. Вечарам у клубе было прадстаўленне. Усе, хто хацеў паглядзець і не ўмясціліся, па падвоканню стаялі. Лобан.
падво́рак, ‑рка, м.
Разм. Двор каля хаты, дома. Дарожка жоўценькая пралягла Цераз падворак — з вуліцы да ганку. Гілевіч. Падыходзячы ўжо да высокай брамы падворка, хлапец ўчуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
падво́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падворваць.
падво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падараць.
падво́р’е, ‑я, н.
1. Падворак. Кузня ўжо была замкнёная, вакол на падвор’і валяліся старыя колы, бараны, кавалкі ржавага жалеза. Марціновіч.
2. Заезны двор.
3. Уст. Дом, які належыць загараднаму манастыру або архірэю. [Дзяўчына:] — Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці, і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Караткевіч.
падво́рлік, ‑а, м.
Драпежная птушка сямейства ястрабіных.
падво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які датычыцца кожнай асобнай гаспадаркі, двара. Падворны перапіс. Падворны абход насельніцтва. Падворная кніга.