Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падарваць.

падрыва́ць 2, ‑ае.

Незак. да падрыць.

падры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Дрыгаць некаторы час. Падрыгаць нагамі.

падры́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрыгваць.

падры́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Дрыжаць злёгку, час ад часу. Рукі, трымаючы ў прыгаршчах запалку, падрыгвалі. Пестрак. Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча. Быкаў. // Злёгку трэсціся, падскакваць. Машына лёгка падрыгвае на свежанамошчаным бруку. Лужанін. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Мележ.

2. чым. Дрыгаць злёгку, час ад часу. Заклаўшы назад рукі,.. [Кашын] важна паглядаў наўкол і падрыгваў нагой. Карпаў.

падрыжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Разм. Дрыжаць некаторы час.

падры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Дрынкаць некаторы час. [Лёнька] трымае фасон не горш Косціка: перад кожным танцам спачатку падрынкае, падцягне струны, а потым ужо і зайграе. Сяркоў.

падрысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Дадаць якія‑н. дэталі, штрыхі (на рысунку), нарысаваць дадаткова.

2. Падправіць, палепшыць рысунак. Падрысаваць партрэт.

падрысо́рванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрысорваць — падрысорыць.

падрысо́рвацца, ‑аецца; незак.

Спец. Зал. да падрысорваць.

падрысо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Спец. Незак. да падрысорыць.