Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падрасці.

падрасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. падрос, ‑расла, ‑расло; зак.

Трохі вырасці. — Мамачкі, як загарэў! — задаволена смяялася.. [маці]. — І падрос. Бацька цяпер і не пазнае. Даніленка. Толькі раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі.

падраўнава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падраўнаваць.

падраўнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Зрабіць паверхню чаго‑н. больш роўнай, гладкай. Дом у панядзелак павінна была прымаць камісія, і прараб з брыгадзірам лёталі, як апантаныя: тое — прыбяры, гэта — падраўнуй... Савіцкі.

падраўно́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падраўноўваць — падраўнаваць.

падраўно́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падраўноўваць.

падраўно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падраўнаваць.

падраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Размясціцца з кім‑, чым‑н. у рад па прамой лініі. Паўтысячы чалавек злёгку павярнулі галовы, падраўняліся ў страі і застылі ў нерухомых паставах. Сіняўскі. Два самалёты рухава выскачылі на старт. Уступам выстраіліся, падраўняліся і адначасова пайшлі на ўзлёт. Алешка.

2. перан. Стаць аднолькавыя, адпаведным з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Падраўнялася рунь. Падраўняўся малады хвойнік. □ [Колас] выказаў жаданне, каб мова [яго] пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай. Лужанін.

падраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Тое, што і падраўнаваць. — Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач.

2. Размясціць у рад па прамой лініі. Ужо роту падраўняў старшына.., далажыў капітану Ігнатаву. Алешка.

3. перан. Зрабіць аднолькавым, аднастайным у якіх‑н. адносінах. Увайшоў Сяргей.. — Ого! Зусім не пазнаць, — заўважыў Максім.. — Толькі трэба схадзіць у цырульню, — параіла Вера. — Трохі падраўняць валасы. Шавялюры не шкадуй, хутка адрасце. Машара.

падрахава́ць, ‑рахую, ‑рахуеш, ‑рахуе; зак., што.

Разм. Палічыўшы, зрабіць падрахунак; падсумаваць. Прайшлі спачатку [юныя натуралісты] праз увесь край, дзе рос ядловец, падрахавалі прыблізна колькасць лепшых кустоў. Дубоўка.