падбо́льшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Абл. Зрабіць большым. У лямпе падбольшылі агонь, і праз акно можна было з двара бачыць, як стаяць каля стала і гаспадар, і госць. Галавач.
падбо́р, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.
2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.
3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.
•••
У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.
(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.
падбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.).
2. Спец. Шэраг артыкулаў, заметак, аб’яднаных адной тэмай і надрукаваных пад адным загалоўкам. Падборка на сельскагаспадарчую тэму.
падбо́ртны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які кладзецца пад борт 1 (у 2 знач.). Падбортнае палатно.
падбо́ршчык, ‑а, м.
1. Рабочы, які займаецца падборкай чаго‑н. Падборшчык футраў.
2. Прыстасаванне ў камбайне для падбору каласоў, а таксама машына для збору бавоўны, збожжа і інш.
падбо́ршчыца, ‑ы, ж.
Жан. да падборшчык (у 1 знач.).
падбро́снець, ‑ее; зак.
Крыху, злёгку заброснець. Рошчына падброснела.
падбрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падбрукаваць.
падбрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Забрукаваць дадаткова. Падбрукаваць дарогу. Падбрукаваць вуліцу.
падбруко́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падбрукоўваць — падбрукаваць.