Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падбіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падабрацца.

2. Зал. да падбіраць.

падбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падабраць.

падбі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падбіць.

•••

Ветрам падбіты — тое, што і ветрам падшыты (гл. падшыты).

падбі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падбіць (у 1, 2 знач.).

2. Разм. Тое, чым падбіта, падшыта што‑н. знізу, з адваротнага боку. Шаўковая падбіўка.

падбі́цца, падаб’юся, падаб’ешся, падаб’ецца; падаб’ёмся, падаб’яцеся; заг. падбіся; зак.

1. Натрудзіць ногі ад доўгай хады. Мужчыны ідуць паперадзе, жанчыны за імі. А хлопчык — апошні, ззаду. Мусіць, зусім падбіўся. Арабей.

2. Падлашчыцца, падкаціцца. Да яе — сцвярджаюць хлопцы — Аніяк не падступіцца, Аніхто не змог падбіцца: А ні я, ні ён, ні ты. Панчанка.

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

падбліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да падблізіцца.

падблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак., да каго-чаго.

Разм. Стаць бліжэй па адлегласці, наблізіцца. [Рыгор] забыўся пра яду і не заўважыў, як чыесьці крокі падблізіліся да дзвярэй пакоя. Гартны.

падбо́й, ‑ю, м.

Натруджанае, падбітае месца на назе. [Чалавек] ступаў леваю нагою адно на пальцы — ад вялікай хады басанож на пяце рваў падбой. Чорны.

падбо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.

Спец. Цяжкі ручны малаток для падбівання пад шпалы баласту. Шархнула аб зямлю рыдлёўка, бліснула на сонцы ўзнятая ўгору падбойка і ўрэзалася пад шпалу. Шынклер.