Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патра́ціцца, ‑трачуся, ‑трацішся, ‑траціцца; зак.

Выдаткаваць свае грошы, сродкі на каго‑, што‑н. [Халуста:] — У мяне цяпер грошай няма, бо я патраціўся на гэтую малатарню. Чарнышэвіч.

патра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.

Зрасходаваць, затраціць. Купіць нічога не купілі — баяліся грошы патраціць. Якімовіч. Родны горад! Нашае багацце! Мы хвіліны дарма не патрацім, Мы сваёй не пашкадуем працы — Адбудуем светлыя палацы! Броўка.

патра́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патраціць.

патрашча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак.

Разм. Трашчаць некаторы час. — Са школы адразу ж — на цаліну, ураджай убіраць. Вярнуўся адтуль — гэтага казла сабе купіў. Патрашчаў ім, пакатаўся, а цяпер вось ён стаіць, чакае... Ракітны.

патрашы́цца, ‑трошыцца; незак.

Зал. да патрашыць.

патрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; незак., каго-што.

1. Вымаць вантробы. Патрашыць курыцу. □ [Дзядзька:] — Будзеш патрашыць рыбу і класці ў крапіву... Місько. [Матросы-рыбакі] рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Караткевіч.

2. перан. Разм. Даставаць, выцягваць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Тры немцы патрашылі ранцы і рэчавыя мяшкі палонных. С. Александровіч.

патрашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрашыць.

патро́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад патроіць.

2. у знач. прым. Большы ў тры разы. [Паўліна Цітаўна:] — Я ведаю толькі адно: выберуць — буду працаваць з патроенай энергіяй, каб апраўдаць давер’е. Шамякін.

патро́іцца, ‑троіцца; зак.

Павялічыццаў тры разы. [Раўбіч:] — Шкада, што ў часе вайны нас было замала, каб ударыць у тыл... Але за тры гады вайны колькасць нашых паплечнікаў патроілася. Караткевіч.

патро́іць, ‑трою, ‑троіш, ‑троіць;зак., што.

Павялічыць у тры разы. Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім, Мы ворагаў іх жа крывёю напоім, Як ворану вышай арла не лятаць, Так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. Браты падаспелі да вас на падмогу, З’ядналіся разам, патроілі сілы. Броўка.