Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

параздзява́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Раздзецца — пра ўсіх, многіх.

параздзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Раздзець усіх, многіх.

паразду́рвацца, ‑аецца; зак.

Раздурыцца — пра ўсіх, многіх. — Параздурваліся маладыя цяперашнім светам. Во з Таняй Платонавай як ужо дружылі некалі. А што выйшла: ён — сабе, а яна з дзіцём недзе — сабе, — гаворыць Вольга. Паўлаў.

паразду́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Раздурыць усіх, многіх. Параздурваць хлопцаў.

паразду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Раздушыць усё, многае або ўсіх, многіх.

паразжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разжаваць усё, многае.

паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

паразітава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паразітаваць.

паразітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Быць паразітам, весці жыццё паразіта (у 1 знач.). Паразітуе [амяла], як правіла, на лісцевых дрэвах, хоць можа быць і на хвойных, пераважна на сасне. «Полымя».

2. Жыць з чужой працы, жыць паразітам (у 2 знач.).

паразітало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае паразітаў (у 1 знач.), з’явы паразітызму (у 1 знач.).

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед і logos — вучэнне.]