Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паві́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.

Віляць час ад часу або крыху. Сабака адбегся і брахаў, пачаўшы павільваць хвастом. Чорны.

павільгатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў, зрабіўся вільготным. [Галкоўскі] пацёр ад здавальнення адна аб адну рукі і зажмурыў павільгатнелыя вочы. Чыгрынаў. На дне кошыка вялікая, з павільгатнелым шклом, бутэлька. Навуменка.

павільгатне́ць, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца вільготным. Павільгатнелі вочы ў старое. Мурашка. Паветра павільгатнела. Угаманіліся птушкі, толькі на палянках камары таўклі мак. Федасеенка.

павільён, ‑а, м.

Невялікі лёгкі будынак у людным месцы, прызначаны для якіх‑н. мэт. Павільён марожанага. □ Каваль заскочыў у крыты брызентавы павільён: ён быў збудаваны на перамычцы. Савіцкі. Чытальная зала размяшчалася ў спецыяльным павільёне, непадалёк ад заводскага клуба. Карпаў. // Пастаянны або часовы будынак на выстаўцы для экспанатаў. Павільён механізацыі. Павільён сельскай гаспадаркі. □ У Маскве Люся з бацькам наведалі Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі.. Перш за ўсё бацька павёў Люсю ў павільён Беларусі. Даніленка. // Памяшканне, прызначанае для кіна- або фотаздымак.

павільённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да павільёна. // Які адбываецца ў павільёне. Павільённыя здымкі.

павіля́сты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Не прамы, звілісты. Прыходзілася ісці туды, куды кіравала павілястая сцежка. Мележ.

павіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Віляць некаторы час. Джэк толькі на момант азірнуўся, прывітальна павіляў гаспадару калматыя хвастом і яшчэ больш зацята аднавіў атакі на Давіда. Паслядовіч.

павінава́ціцца, ‑вачуся, ‑вацішся, ‑ваціцца; зак.

Разм. Тое, што і павініцца.

паві́нен, ‑нна, у знач. вык. (часцей з інф., з дзеясл. «быць» або без апошняга).

Абавязан, вымушан што‑н. рабіць, або мець якую‑н. якасць. Мы павінны змагацца за мір. □ Чалавек! Ён павінен быць варты свайго месца на зямлі. Карпаў. // Аб тым, што абавязкова здарыцца. Зацменне месяца павінна быць у 11 гадзін вечара. □ [Васіль:] — Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд... Васілёнак. // Ужываецца для вырашэння магчымасці, непазбежнасці чаго‑н. Ён павінен хутка з’явіцца. □ [Муляры] павінны будуць сабрацца неўзабаве, перад закладкаю галоўнага будынка. Чорны. Не мае права жартаваць .. [Марына сваім] лёсам. Яна маладая, яна павінна быць шчаслівая па-сапраўднаму. Скрыган.

павіні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Прызнацца, пакаяцца ў сваёй віне. Хлопцы, як бы між іншым, павініліся, прызнаўшыся, што часам рабілі шкодныя глупствы. Дуброўскі.