Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпя́ць, падапну, падапнеш, падапне; падапнём, падапняце; зак., каго-што.

Туга, тужэй падвязаць. Падпяць падсядзёлак.

падпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. падпёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. падпячы; зак.

Разм.

1. што. Падрумяніць (пра хлеб і пад.). Падпячы хлеб.

2. што. Дапячы сыраватае. Падпячы бульбу.

3. што і чаго. Спячы ў дадатак да чаго‑н. ужо спечанага.

4. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць, прыпячы (пра сонца).

падпячы́ся, ‑пячэцца; пр. падпёкся, ‑пякліся, ‑пяклося; зак.

Падрумяніцца знізу (пра хлеб і пад.).

падрабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак., пад каго-што.

Надаць сабе выгляд каго‑, чаго‑н. — А ты, калі свой капялюш скінуў і надзеў фуфайку, дык ты лічыш ужо падрабіўся пад нас? Сергіевіч. // Падладзіцца да чаго‑н. Падрабіцца пад сялянскую гаворку.

падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.

2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.

3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.

падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.

Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.

падрабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да падрабіцца.

2. Зал. да падрабляць.

падрабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падрабіць ​1.

падрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

1. Стаць дробным, драбнейшым. Дождж, які перад гэтым ліў як з лубу, спачатку падрабнеў, затым перастаў зусім. Сіняўскі. Лес падрабнеў — пайшлі нізкія тонкія елкі. Пташнікаў.

2. перан. Страціць унутраную значнасць, стаць пасрэдным. — Эхе-хе, мая дзяціна, — Уздыхнуў Даніла дзед: — Падрабнела і людзіна, Падрабнеў цяпер і свет. Колас.

падрабнёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падрабніць.

падрабні́цца, ‑дробніцца; зак.

Скрышыцца, раздрабіцца на частачкі. Камень падрабніўся.