Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падбадзёрваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падбадзёрыць.

падбадзёрлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які надае ўпэўненасць, сілу, падымае настрой. Падбадзёрлівы тон. □ Халоднае золкае паветра ўварвалася ў пакой, прынёсшы з сабой непаўторныя пахі вясны — свежыя, падбадзёрлівыя, поўныя неспакою, абнаўлення. Шыцік.

падбадзёрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Стаць, зрабіцца больш бадзёрым, падбавіць бадзёрасці сабе. Цяпер.. [Стафанковіч] так падбадзёрыўся, што пакульгваць пакінуў, і ішоў вельмі шпарка. Чорны. Худы мышасты конік падбадзёрыўся, весела пырхнуў сам пабег па сваёй ахвоце. Колас.

падбадзёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., ого.

Надаць, падбавіць каму‑н. упэўненасці, cілы, бадзёрасці; падняць настрой. Маленькая пахвала завуча падбадзёрыла хлопчыка. Пальчэўскі. Практыка акрыліла семінарыстаў, падбадзёрыла іх, вярнула весялосць. А. Александровіч.

падбаро́дак, ‑дна, м.

1. Месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе. Галаву [Лізавета Назараўна] прыкрыла танюткай квяцістай хусцінкай, завязанай пад падбародак. Корбан. Яна падцягнула да сябе сваю чарку, прыкусіла дрыжачую губу, нервова развязваючы пад сухім падбародкам вузел святочнай хусцінкі. Дуброўскі.

2. Тое, што і барада (у 1 знач.). Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Пальчэўскі. Як раней, так і цяпер, быў пажылы мужчына з шырокім зухаватым тварам, з глыбока запалымі вачамі, з выступаючым уперад вострым падбародкам. Радкевіч.

падбаро́дачак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да падбародак.

падбаро́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падбародка. Падбародачныя мышцы.

падбаро́ддзе, ‑я, н.

Разм. Тое, што і падбародак (у 1 знач.). Качура сядзеў у шапцы з апушчаным пад падбароддзе пасачкам, як у часе дзяжурства. Пестрак. Канстанцін Міхайлавіч хавае хворыя рукі пад кажух і нацягвае яго амаль да падбароддзя. Лужанін.

падбаро́днік, ‑а, м.

1. Раменьчык вуздэчкі пад ніжняй губою каня.

2. Пласцінка на скрыпцы, якая дапамагае падтрымліваць інструмент падбародкам.

падбаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які надзяваецца пад падбародак. Падбародны рэмень.