Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падстаўка, слуп, які падпірае тое, што можа абваліцца, упасці, зламацца. У садках — падпоркі пад яблынямі, жаўтабокія антонаўкі раз-пораз бухкаюць на зямлю. Навуменка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў бабінай хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Якімовіч.

падпо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які падтрымлівае што‑н., служыць падпоркай. Падпорны слуп.

падпо́ўзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпаўзці.

падпра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

Разм.

1. Аднавіцца, наладзіцца (пра што‑н. разбуранае, заняпалае). Леташні, другі па ліку, пасляваенны год быў ураджайны, некаторыя калгасы трохі падправіліся, сёе-тое далі на працадзень. Навуменка.

2. Аднавіць крыху сваё здароўе, сілы; падлячыцца.

падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.

2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.

3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.

падпрага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падпрагаць — падпрэгчы.

падпрага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падпрэгчыся.

2. Зал. да падпрагаць.

падпрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падпрэгчы.

падпра́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падпражыць.

падпра́жвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падпражыцца.

2. Зал. да падпражваць.