Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падасно́ва, ‑ы, ж.

1. Спец. Ніжняя аснова ў тканінах, якія маюць дзве асновы.

2. перан. Сапраўдная прычына чаго‑н.; тое, на чым заснавана што‑н. Сацыяльная падаснова з’явы.

падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.

2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.

падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.

1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.

падасыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Даслаць, паслаць дадаткова — пра ўсё, многае.

падасыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Дасыпаць да якога‑н. узроўню ўсё, многае. Падасыпаць мяшкі збожжам. // Дасыпаць нейкую колькасць чаго‑н. ва ўсё, многае. Падасыпаць жыта ў засекі.

падасява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Дасеяць што‑н. у многіх месцах. // (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Завяршыць сяўбу — пра ўсіх, многіх. Падасявалі лён усе брыгады.

пада́так, ‑тку, м.

1. Абавязковы збор з прадпрыемстваў і насельніцтва, які вызначаецца дзяржавай. Падаходны падатак. □ Зняў сельсавет незаконны падатак на ўдаву, хворую жанчыну. Васілевіч.

2. Тое, што і паборы.

•••

Ускосныя падаткі — падаткі, якія ўключаюцца ў прадажную цану тавару; акцыз.

падаткаабклада́нне, ‑я, н.

Абкладанне падаткам.

падатказдо́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Наяўнасць прымет, пры якіх па закону належыць плаціць падатак.

падатказдо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які здольны плаціць падатак.