пашырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць шырокім, шырэйшым. За апошні час Юрка пашырэў у плячах, наліўся сілаю. Карпаў. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік. Пташнікаў.
пашы́ў, ‑шыву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).
пашы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы, ж.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).
пашы́цца 1, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.
Разм. Палезці, паціснуцца ў якое‑н. вузкае, глухое месца. Дзік нібы і не пачуў гэтага стрэлу. Чмыхнуў, здзекліва пакруціў хвастом і пашыўся яшчэ шпарчэй у гушчар. Сачанка.
•••
Пашыцца ў дурні — паставіць сябе ў нязручнае, смешнае становішча.
пашы́цца 2, ‑шыецца; зак.
Стаць пашытым. Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю — чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Пташнікаў.
пашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.
1. Зак. да шыць.
2. і без дап. Шыць некаторы час.
пашэ́нціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.
Разм. Тое, што і пашанцаваць. Чалавек хадзіў доўга, нарэшце, яму пашэнціла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Чорны. З усходу на захад і з захаду на ўсход ад рання да вечара пыльным шляхам і чыгункай ідуць людзі. Гэта акружэнцы, бежанцы і палонныя, якім пашэнціла вырвацца з лагераў. Навуменка.
пашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Час ад часу шаптаць.
пашэ́рхнуць, ‑не; зак.
Сшэрхнуць — пра ўсё, многае.